Жыццё пасля пратэсту. Гісторыя чатырох

Чатыры чалавекі, якія пацярпелі ад рэпрэсій за мітынг 15 сакавіка ў Магілёве, праз тры месяцы распавядаюць пра тое, як змянілася іх жыццё і ці шкадуюць яны аб тым, што здарылася.

16 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Ігар Чырак

Яго затрыманне патрапіла на відэа і сабрала сотні тысяч праглядаў з-за брутальнай працы “ціхароў”. На наступны дзень, 16 сакавіка, суд даў яму 15 сутак арышту.

Пасля акцыі ў маім жыцці асабліва нічога не змянілася. Думаю, што 15 сакавіка выйшлі, у асноўным, тыя, у каго не было працы, хто вырашыў адкрыта выступіць супраць Дэкрэта №3. Наогул народ яшчэ не гатовы выходзіць на вуліцы, мне здаецца. Хоць я стараюся, напрыклад, прыводзіць сяброў і знаёмых.

Маё меркаванне – у нас нізкі ўзровень салідарнасці. Людзі баяцца страціць працу за ўдзел у мітынгах. Ды і ў агульным баяцца.

Асабіста я не шкадую, што ўдзельнічаў у Маршы недармаедаў. Але мне не спадабалася арганізацыя. Некаторыя арганізатары засталіся дома, хоць разумелі, як можна правесці акцыю. Я б у сваёй кватэры не адседжваўся, загадзя ведаючы, што мяне не выпусцяць.

Мне здаецца, трэба спрабаваць праводзіць санкцыянаваную акцыю каля былога дома культуры ЗІВ (адзінае дазволенае месца для акцый у горадзе – заўв аўт.), паглядзець, як народ адрэагуе, убачыўшы, што дазволена сабрацца. Калі туды прыйдзе 10 чалавек, то людзям гэта і не трэба, будуць на кухнях гудзець. Калі туды прыйдзе каля 500-1000 чалавек, то і на Ленінскай у наступны раз яблыку няма дзе будзе ўпасці.

Улады нас не чуюць ужо больш за 20 гадоў. Я сам калісьці верыў у перамены, яшчэ напачатку 2000-х, калі мы пасля акцый збіраліся і марылі аб нашай найбліжэйшай будучыні. Зараз прыйшлі ў пратэст новыя людзі і яны таксама пра гэта мараць, думаюць, што ўсё так проста. Але рэпрэсіўная машына стала нашмат мацней і больш магутнай, а народа – значна менш.

Мне здаецца, большасць з’едзе на заробкі. Жыць стане проста невыносна, фінансаў не будзе хапаць.

Нават калі і зменіцца рэжым, то патрэбныя дзесяцігоддзі, каб стаць на еўрапейскі шлях і жыць цывілізавана. Але толькі калі мы аб’яднаемся, то будзем сілай. Звычайна ж мы чуем, што той фігавы, той дрэнны, той дурань. З такім стаўленнем мы будзем яшчэ 50 гадоў ісці да свабоды. Таму што людзям яна не патрэбна. Ім і так добра жывецца, без пераменаў.


Дзмітрый Люнтаў

Адзін з лідэраў пратэсту 15 сакавіка, мадэраваў мітынг. Суд даў яму 15 сутак арышту як арганізатару незаконнага масавага мерапрыемства. Па яго прызнанні, яго выступленне атрымалася спантанным.


Можна сказаць, што маё жыццё пасля 15 сакавіка змянілася. З’явілася больш аднадумцаў, сталі выказвацца і больш даверліва ставіцца знаёмыя. Раней яны маўчалі, а цяпер, ведаючы мяне, яны пачынаюць усё больш пераконвацца, што ў нашай палітычнай сістэме нешта не тое і цяпер яны дакладна ведаюць, што.

Некаторыя наадварот неяк пачынаюць асцярожнічаць у словах. Але я лічу, што нам удалося звярнуць увагу людзей на праблемы ў нашым грамадстве, на тое, як намі кіруюць.

Я лічу, што людзі выйшлі на вуліцы таму, што Дэкрэт №3 закрануў не толькі «дармаедаў».

Праблемы «дармаедства» – гэта праблемы напаўнення сямейнага бюджэту, праблемы беспрацоўя, праблемы старых паміраючых прадпрыемстваў, вялікіх падаткаў, малой зарплаты, нізкай якасці абслугоўвання. Усё гэта ўзаемазвязана. Таму для кожнага свой быў матыў выйсці і пратэставаць на вуліцу. Урад, па сутнасці, залез у кішэню гэтых грамадзян. Іх рэальна рабуюць. Чаму рабуюць? Гэта ўжо іншая размова.

Наконт таго, ці гатовыя нашы людзі абараняць свае правы, я лічу, што не. Няма кансалідацыі народа, людзі пакуль не страцілі ўсе сродкі для існавання і баяцца іх страціць. Яны прывыклі жыць бедна, але стабільна, пакрысе губляючы ў фінансах. Тых, каго гэта не задавальняе, у каго ёсць пачуццё ўласнай годнасці, з’язджаюць з краіны альбо ідуць на кампраміс з сумленнем. Асабіста я з’язджаю з краіны.

Я ні кроплі не шкадую аб тым, што ўдзельнічаў у мітынгу. Я мог казаць пра тое, што думаю, і мяне слухалі. Гэта дарагога варта.

Гэта была спроба дыялогу. Праблема нашага грамадства ў тым, што ў нас няма дыялогаў. Ёсць маналогі асобных грамадзян і чыноўнікаў.

Трохі крыўдна, калі ўсведамляеш, што ў нашай краіне не выконваюцца правы чалавека. Пасля затрыманьня спачатку ты думаеш, маўляў, мне проста не пашанцавала і тыя, хто мяне затрымліваў, проста злыя дзядзькі. Потым думаеш, што ўчастковыя-то павінны быць добрымі. Аднак потым ты становішся сведкай таго, як іх выклікае начальства і як на цябе складаюць на працягу чатырох гадзін пратакол, спрабуючы пераканаць у тым, што ты ўсвядоміў і прыняў той факт, што ты нешта парушыў.

Потым думаеш, што хоць у суддзі павінны быць гонар і сумленне, што ён не дапусціць парушэння маіх канстытуцыйных правоў. Але ўсё дарэмна. Калі я абскардзіў рашэнне суда на абласным узроўні, суддзя сумавала, калупалася ў тэлефоне, а потым вынесла пастанову за пяць хвілін.

Гэта горыч за несправядлівасць, якая ў нас дзеецца ў праваахоўнай сістэме. Няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, што заўтра цябе ізноў не накрые.

Я з’яўляюся старшынёй Ленінскай раённай арганізацыі БСДП (Грамада). Мы – канкурэнт для дзеючай улады, мы выкрываем яе, таму, у прыватнасці, супраць мяне, думаю, былі такія меры.

Шмат хто прыстасаваўся, другія жывуць тут, а працуюць за межамі краіны. Ёсць грамадзяне, якія глядзяць на гэта і співаюцца. Гэтая краіна для нямногіх. Аб’яднаць людзей і змагацца з уладай мірным спосабам не атрымліваецца, ды і небяспечна гэта. Колькі людзей, якія прапалі без вестак.

На выбары разлічваць пакуль не прыходзіцца – з кожным годам падман уладаў ўсё больш вытанчаных формах. Гэтую ўладу можна альбо ўгаварыць, або прымусіць прымаць нейкія крокі насустрач. Аднак надзея на гэта нікчэмная.

Мы будзем далей тануць ў адной лодцы, пакуль каманда не зразумее, што трэба мяняць капітана і яго памочнікаў.

Шэпчам, але працягваем хадзіць на працу.

Лагічна, што для сваёй самарэалізацыі трэба з’язджаць з гэтай краіны. Так, гэта можа здавацца непатрыятычным, але калі табе плююць у твар, ты альбо можаш даць здачы, альбо цярпець. Я зараз не магу даць здачы, але і трываць не магу. Таму застаецца толькі чакаць, калі прачнуцца астатнія людзі. Калі іх будзе не сотні, а сотні тысяч. Тады я буду з імі і буду ганарыцца за сваю краіну.


Алёна Кісель

На мітынгу не выступала. Атрымала штраф у 15 базавых велічынь за тое, што трымала плакат. Праз тыдзень пасля мітынгу яе адлічылі з ВНУ «за парушэнне дысцыпліны». Ёй заставалася давучыцца 3 месяцы.


Маё жыццё пасля акцыі змянілася, вядома. Пасля таго, як праходзіш сам праз усе гэтыя “працэдуры”, пачынаеш на многія рэчы глядзець як мінімум цвярозей і рэалістычней. Ну і пачуццё справядлівасці абвастраецца, вядома, яшчэ больш.

Пасля гэтых падзей мяне выключылі з універа і гэта, вядома, рэзка змяніла ўсе планы на бліжэйшую будучыню. Спачатку я спрабавала шукаць нейкую працу і адначасна думала пра тое, што рабіць далей.

Былі варыянты аднавіцца ў сваёй ВНУ ці паступаць у новую.

Пакуль я падзарабляла там-сям, з’явілася навіна, што збіраюцца аднавіць “Праграму Каліноўскага”. Гэта значыць з’явіўся яшчэ адзін варыянт і, параіўшыся з

сям’ёй і сябрамі, я вырашыла, што ён самы лепшы. Зараз выбіраю з спектру спецыяльнасцяў і збіраю дакументы для паступлення.

Думаю, што людзі выйшлі не толькі з-за Дэкрэта №3. Многія людзі самі ўслых казалі, што стаміліся ад цяперашняй улады: ад яе нязменнасці, ад яе непавагі да свайго народу, пастаяннай хлусні, ад яе неэфектыўнасці.

Але абараняць свае правы нашы людзі, па-мойму, не гатовыя ў прынцыпе. Яны не ведаюць, як гэта робіцца, ды і ўлада ўсяляк гэтаму перашкаджае, рэагуючы на ўсе спробы неадэкватна, сілавымі метадамі. Пакуль у краіне няма нейкай рухаючай сілы, за якой хацеў бы рушыць услед народ, я баюся, што нічога не зменіцца.

Я ні пра што не шкадую, крыўды пасля затрымання і суда ніякай няма. Калі б можна было нешта памяняць, то я апранулася бы ў той дзень цяплей. На вуліцы, ды і ў ІЧУ ноччу было халаднавата.

Каб у нашай дзяржаве нешта памянялася, кожнаму, напэўна, варта пачаць мяняць у лепшы бок хаця б нешта вакол сябе. Усё раптам не можа стаць добра. Усе вялікія змены пачынаюцца з маленькіх рэчаў. Ну, і не забываць, што ўсё дрэннае ня вечна. Аднойчы гэтаму прыйдзе канец.


Алёна Крэнь

Шматдзетная маці, якая на мітынгу выступіла са словам у абарону блогера Максіма Філіповіча. Суд прысудзіў ёй штраф у 10 базавых велічынь.


Пасля мітынгу маё жыццё змянілася на «да» і «пасля». Калі раней мая грамадзянская пазіцыя была пасіўна спачувальнай, то цяпер яна стала актыўнай. Мацнее упэўненасць у тым, што ад мяне таксама залежыць лёс не толькі мой, але і ўсіх нас. Зараз я займаюся самаадукацыяй у сферы праваабарончай дзейнасці. Дэкрэт №3 закрануў самыя розныя слаі насельніцтва, якія ва ўсе часы будуць апалітычныя, таму я лічу, што масавасць пратэстаў выклікана выключна гэтым дэкрэтам. Потым гэта вылілася ў патрабаванні аб змене ўлады, што выклікана адсутнасцю дыялогу і адсутнасцю рашэння аб адмене «падатку на дармаедства».

Але, на жаль, грамадства не гатовае адстойваць свае правы шляхам вулічных пратэстаў, паколькі сярод насельніцтва моцны страх перад рэпрэсіямі нароўні з нявер’ем у эфектыўнасць гэтых пратэстаў. Няма неабходнай салідарнасці.

У мяне няма ніякай крыўды, роўна як і шкадавання аб тым, што я зрабіла. Была б магчымасць павярнуць час назад – я паступіла б так жа. Шкадую толькі аб тым, што не была актыўнай раней і пра тое, што не была гатовая да затрымання ў юрыдычным плане.

Ўзровень салідарнасці ў нашым грамадстве няўхільна расце, хоць і цяжэй, чым хацелася б. Многія людзі папросту не ведаюць пра свае правы, у тым ліку пра права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання. Таксама многія не ведаюць пра існаванне праваабарончых арганізацый і проста спагадлівых людзей, якія заўсёды пададуць руку дапамогі.

Не шкадую аб удзеле, шкадую пра тое, што ўдзел быў раптоўным, а не падрыхтаваным загадзя.

Жыць у дзяржаве, у якім улады не хочуць чуць сотні, а то і тысячы людзей на вуліцы горада, вельмі цяжка. Практычна невыносна. І для таго, каб нас чулі і паважалі нашае меркаванне, мы павінны ў першую чаргу пачаць паважаць сябе. Чалавек, які паважае сябе, не стане баяцца змагацца за свае правы, дадзеныя кожнаму з нас Канстытуцыяй РБ, не будзе цярпець несправядлівасць і беззаконне на ўсіх узроўнях свайго жыцця і не дазволіць уладам прымаць антыканстытуцыйныя ўказы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў