Журналісту Уладзіміру Лапцэвічу далі штраф у 1035 рублёў за лісты ў польскі часопіс

Суддзя Алена Літвіна прысудзіла карэспандэнту БелаПАН 45 базавых велічынь за 7 публікацый у тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва».

29 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


29 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна адбыўся суд над магілёўскім журналістам Уладзімірам Лапцэвічам, якога Ленінскі РАУС абвінаваціў у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. 20 чэрвеня на яго склалі сем асобных пратаколаў за сем матэрыялаў у беластоцкім часопісе «Ніва». Журналіст публікаваўся ў замежным масмедыя без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі, што, на думку сілавікоў, з’яўляецца парушэннем.

Суддзя Алена Літвіна вяла працэс жорстка. Перад пачаткам працэсу яна двойчы паўтарыла, што фота і відэаздымка пасяджэння забароненая, нягледзячы на ​​просьбу журналістаў. Падчас паседжання яна востра адрэагавала на ўсмешку аднаго з гледачоў, а таксама выдаліла двух чалавек з залы суда.

Уладзімір Лапцэвіч у сваю абарону прадставіў даведку ад рэдактара штотыднёвіка «Ніва», у якой сцвярджалася, што ніякіх працоўных адносін паміж СМІ і журналістам няма. Як пазаштатны аўтар ён дасылаў свае лісты ў рэдакцыю, якая на сваё меркаванне публікавала іх. У даведцы было падкрэслена, што вырабам прадукцыі СМІ займалася рэдакцыя «Нівы», а не Лапцэвіч.

– Пратакол быў складзены незаконна, паколькі адсутнічае склад правапарушэння. Мае тэксты ў «Ніве» можна разглядаць толькі як лісты чытача. Пры гэтым кожнаму аўтару за апублікаваны тэкст выплачваецца ганарар, бо часопіс выкарыстоўвае іх інтэлектуальную працу, аднак у штат выдання пазаштатнікі не ўваходзяць, – заявіў падчас працэсу журналіст.

Ён звярнуў увагу суда на тое, што канчатковы прадукт сродкаў масавай інфармацыі, згодна з законам “Аб СМІ”, можа выдаваць толькі юрыдычная асоба – рэдакцыя.

Ён адзначыў, што адмінпрацэс супраць яго – гэта спроба абмежаваць права на свабоду слова і свабоду выказвання меркавання, якія гарантаваныя беларусам Канстытуцыяй і міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

– Міліцыя спачатку прыпыніла справу ў дачыненні да мяне, калі не змагла усталяваць наяўнасць працоўных адносін паміж мной і рэдакцыяй. А потым аднавіла справу, абапіраючыся на дадзеныя падатковай дэкларацыі, у якой я прапісваў ганарары за матэрыялы. Гэта падмена паняццяў. Падатковая дэкларацыя – гэта не працоўны дагавор.

Суддзя Літвінава паспрабавала дамагчыся ў Лапцэвіча, як ён збірае інфармацыю. На гэта журналіст адказаў, што ў сваіх лістах ён толькі апісваў цікавыя сайты Байнэта.

– Я лічу карысным тое, што беларусы, якія жывуць у Польшчы, могуць бачыць, што адбываецца ў беларускім Інтэрнеце вачыма такога ж беларуса. Гэта ўсяго толькі лісты, якія дапамагаюць убачыць, што адбываецца ў нашай краіне. Як мне здаецца, гэта вельмі важна для таго, каб мы не страцілі нашую нацыянальную меншасць у іншай краіне. Аднак міліцыянты, чамусьці, не разумеюць гэтага.

Напрыканцы Уладзімір Лапцэвіч заявіў, што справа супраць яго сведчыць пра тое, што яму спрабуюць забараніць распаўсюджваць інфармацыю.

– Я не пісаў матэрыялы кожны тыдзень, у мяне не было рэдакцыйнага задання. Калі ў мяне былі думкі, былі настрой і час, я сядаў і пісаў лісты ў рэдакцыю. Міліцыя спрабуе выставіць усё так, быццам бы я пішу ў «Ніву» кожны тыдзень. Гэта няправільна, мякка кажучы.

Нягледзячы на довады журналіста, Алена Літвіна прызначыла яму адміністрацыйнае спагнанне памерам у 45 базавых велічынь або 1035 беларускіх рублёў.

Уладзімір Лапцэвіч з рашэннем суда не згодны і плануе абскардзіць яго на абласным узроўні.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў