Магілёўскі журналіст падаў у суд на аднаго з начальнікаў абласнога УУС

Уладзімір Лапцэвіч папракнуў намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргея Волкава у ігнараванні рашэння суда.

22 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – Сяргей Волкаў падчас затрыманняў 15 сакавіка.


29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці.

Праверку ў дачыненні да Кісцянёва двойчы спынялі, але Лапцэвіч абодва разы дамагаўся яе аднаўлення праз суд. У апошні раз ён выкрыў хлусню ўчастковага Аляксандра Шмаянкова, які вёў справу: у матэрыялах міліцыянт паведаміў, што апытваў журналіста, але Лапцэвіч адмаўляе гэта.

Уладзімір Лапцэвіч звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС па Магілёўскай вобласці, каб там далі прававую ацэнку ўчынку міліцыянта. ГУУБ перанакіраваў зварот кіраўніцтву УУС Магілёўскага аблвыканкама.

– Адказ на мой зварот я так і не атрымаў. Затое мне даслалі пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэньні ад 11 жніўня 2017 года, падпісаную намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргеем Волкавым. У ім, таксама як і ў пастанове Шмаянкова, утрымліваюцца ранейшыя хлуслівыя сцвярджэнні адносна таго, што мяне апытвалі. Ні Шмаянкоў, ні Волкаў мяне не апытвалі. Таксама, як і Шмаянкоў, Волкаў ня правёў апытанне сведак, – распавёў журналіст пра адказ з УУС.

Уладзімір Лапцэвіч звяртае ўвагу на тое, што матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Канстанціна Кісцянёва былі накіраваны на новы разгляд судом 28 ліпеня. Аднак Волкаў праігнараваў рашэнне суда і заявіў, што справа спыненая, паколькі скончыліся тэрміны прыцягнення да адказнасці.

Каб дамагчыся праўды, журналіст БелаПАН звярнуўся ў суд. У сваёй скарзе ён просіць адмяніць пастанову Сяргея Волкава аб спыненні справы ў дачыненні да Кісцянёва, а таксама хоча пачуць прававую ацэнку дзеянняў намеснік начальніка МГБ УУС.

Адпаведна, я хачу, каб Волкава прыцягнулі да адказнасці за ігнараванне пастановы суда, – пракаментаваў свой зварот Уладзімір Лапцэвіч.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў