За сюжэты пра «Дранік-Фэст» і кафэ «Шпаркі лось» Аліне Скрэбуновай далі 690 рублей штрафа

14 лістапада ў суддзя Ленінскага раёна Таццяна Касцюк вырашыла, што журналістка незаконна вырабіла прадукцыю СМІ.

14 лістапада. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


Скончыўся разгляд па справе журналісткі Аліны Скрэбуновай, якую міліцыя абвінаваціла ў стварэнні трох сюжэтаў для тэлеканала «БелСАТ». Ленінскі РАУС палічыў незаконнымі сюжэты пра забарону веларуху па вуліцы Ленінскай, пра адкрыццё беларускамоўнага кафэ «Шпаркі лось» і «Дранік-Фэст».

Згодна з пазіцыяй інспектара Яўгена Слаўнікава, Скрэбунова працавала на замежны тэлеканал «БелСАТ» без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў. Гэта паслужыла падставай для звароту ў суд.

Першае паседжанне павінна было адбыцца яшчэ 8 лістапада, аднак суддзя Касцюк вырашыла адкласці працэс амаль на тыдзень з-за няяўкі журналісткі на працэс.

14 лістапада Скребунова зьявілася ў суд.Затое не было ніводнага сведкі.Трое папрасілі разгледзець справу ў іх адсутнасць, яшчэ двое не прыйшлі без тлумачэння прычын.

Напачатку разбіральніцтва Аліна Скрэбунова заявіла хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведкі маёра Яўгена Слаўнікава, які складаў пратакол у дачыненні да яе.

– Ён дапускаў мноства працэсуальных парушэнняў, напрыклад не патлумачыў мне мае правы перад апытаннем. Я падазраю, што гэтак жа сама ён не патлумачыў правы сведкам, – сказала дзяўчына.

Журналістка Аліна Скрэбунова разам з праваабаронцам Барысам Бухелем

Суддзя Касцюк адмовіла ў хадайніцтве, паколькі не ўбачыла прычын для выкліку міліцыянта. У адказ на гэта журналістка падкрэсліла, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яе заведзена па палітычных матывах.

– Маёр Слаўнікаў прадставіў толькі абставіны, якія абцяжарваюцьі нібыта даказваюць маю віну. Ён не правёў паўнавартаснай праверкі. Няма доказаў, што я журналістка БелСАТ, у мяне няма працоўных адносін з тэлеканалам. Акрамя таго, ён абвінавачвае мяне яшчэ і ў распаўсюдзе прадукцыі СМІ, хоць я, як фізічная асоба, не магу гэтага зрабіць, – паведаміла суддзі Скрэбунова.

Яна патлумачыла, што ўсяго толькі брала інтэрв’ю ў людзей, што не з’яўляецца парушэннем:

– Інтэрв’ю – гэта размова паміж людзьмі ў форме пытанне-адказ. Сама па сабе дадзеная размова не можа з’яўляцца матэрыялам СМІ.

Падчас свайго выступу журналістка асабліва падкрэсліла, што адміністрацыйны працэс і суд у дачыненні да яе з’яўляецца прамым парушэннем свабоды слова і канстытуцыйных правоў.

Пасля гэтага Таццяна Касцюк вырашыла праглядзець ролікі, у стварэнні якіх абвінавацілі Аліну, але здарыўся кур’ёз – дыск, які прымацаваў да матэрыялаў справы маёр Слаўнікаў, не спрацаваў. Суддзя паспешліва абвясціла перапынак. У выніку яна вырашыла, што лепшым пакараннем для Скрэбуновай будзе штраф у 30 базавых велічыняў – 690 рублёў.

Журналістка плануе абскардзіць прысуд.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў