Юрый Стукалаў

Пагаварылі з грамадскім дзеячам, былым кандыдатам у дэпутаты і кіраўніком Цэнтра гарадскіх ініцыятыў аб ягоных праектах, палітычнай кампаніі і першых кроках у парламенце (калі б ён туды патрапіў).

Юрый Стукалаў – сацыёлаг, кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, старшыня рэспубліканскай моладзевай арганізацыі “Грамадзянскі форум”, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №85. Набраў найбольшую колькасць галасоў з непраўладных кандыдатаў па Магілёве – па афіцыйных дадзеных, 7% выбаршчыкаў прагаласавала за яго.

 Пра Дранік-фэст

У цэлым – адчуванні ад мерапрыемства вельмі пазітыўныя. Ўспамінаю 2014 год, тады было добра, але ў гэтым годзе атмасфера была яшчэ лепш. І я не адзін гэта заўважаю. Гэта ацэнка тых людзей, з якімі мы працавалі, суарганізатараў, валанцёраў. Людзей было нашмат больш, актыўнасці было больш, дранікаў было больш, ну і людзі больш пазітыўна ацанілі менавіта гэты фестываль. Прыемна, што не падвяло надвор’е. Мы раздалі больш за 10 тысяч талерак з дранікамі.

 Пра тое, што не атрымалася

Хацелі зрабіць месцы для сядзення, але, на жаль, не атрымалася – нас падвялі некаторыя людзі. У наступным годзе больш шчыльна зоймемся гэтым пытаннем. Зробім прышпільныя штукі, каб людзі адчувалі сябе больш камфортна. Для мяне гэта істотны недахоп, але не ад нас гэта залежала.

Яшчэ з недахопаў – было шмат каманд, якія заявіліся, але саскочылі ў апошні момант. Дрэнна і непрыгожа атрымалася. Калі даведваліся, што трэба будзе пусціць на дранікі мех бульбы, адразу пачыналіся адгаворкі тыпу «санкніжак няма», «нам гэта нецікава». Так не робіцца, вядома. Спадзяюся, што ў наступным годзе будуць больш свядомыя каманды. Добра, што ў нас ёсць у партнёрах Магілёўскі ўніверсітэт харчавання, які адразу выстаўляе тры каманды, БРУ падключыўся, МДУ ім. Куляшова таксама ўдзельнічаў.

 Пра Цэнтр гарадскіх ініцыятыў

Мы цяпер думаем над тым, каб правесці які-небудзь трэці фестываль, ужо зімовы, што-небудзь маштабнае, тыпу «Дранік-фэсту». Але гэта яшчэ ў планах толькі. Не ведаю, адважымся мы на гэта ў гэтым годзе ці ў наступным. Таксама шчыльна займаемся веларухам. Думаю, мы давядзем нашу канцэпцыю да розуму, і ў канцы гэтага года ўсё будзе гатова і прэзентавана. У нас яна пішацца ня дылетантамі, а людзьмі з вопытам, якія, напрыклад, пісалі мінскую канцэпцыю. Для мяне гэта важна, таму што Магілёву трэба, каб веларух развіваўся. Летам хацелася б надаць увагу фестывалю вулічнай музыкі. Ідэі наконт гэтага кірунку таксама ёсць. Яшчэ думаю, што мы падключымся да святкавання юбілейнага дня горада, які будзе адзначацца ў 2017. Хутчэй за ўсё, зноў будзем рабіць «Цяпліцу», школа патрэбная. З мінулага выпуску ў нас зачапілася рэальна шмат талковых маладых людзей, якія цяпер у нашым Цэнтры.

 Пра людзей ЦГІ

Усе актыўна працуюць, не трэба глядзець, што нехта раздае інтэрв’ю, а хтосьці – не. У кагосьці ёсць жаданне даваць каментары, у кагосьці няма. Кожны член арганізацыі ў меру сваіх магчымасцяў займаецца тым, што яму цікава. Хтосьці вядзе культурныя праекты, хтосьці – экалагічныя. Ніхто нікога не прымушае. Кожны адказвае за сваю вобласць, скажам так. Займаюцца ўсе тым, што цікава менавіта ім. Людзі робяць сваю справу і бывае, што гэта адбываецца непублічна.

 Пра ўдзел у выбарах

Выбараў у краіне няма. Тут няма каго падманваць. Усё гэта прызнаюць. Я ўдзельнічаў, каб паказаць людзям альтэрнатыву. Хто жадаў бачыць – убачыў. Зразумела, што палічылі, як заўсёды. Кагосьці прызначылі, кагосьці не. Але я паказаў людзям альтэрнатыву, паказаў, як можа праходзіць агітацыйная кампанія. Я распавёў аб Цэнтры гарадскіх ініцыятыў, аб нашых праектах. Пасля выбараў прыйшло вельмі шмат валанцёраў, якія гатовы ўдзельнічаць у нашых культурніцкіх праектах. Плюс, нейкі палітычны вопыт для мяне. Усе цесна ўзаемазвязана. Калі я хачу вырашаць нейкія мясцовыя праблемы, то без палітыкі тут не абыдзешся. Проста выбары ў парламент, у мясцовыя Саветы – гэта інструмент для вырашэння некаторых пытанняў. Каб правесці якое-небудзь мерапрыемства, нам патрэбны дазвол. Адна справа, калі яго атрымлівае кіраўнік грамадскай арганізацыі, і зусім іншае, калі дэпутат. Гэта ж розныя ўзроўні вырашэння пытанняў.

Выбары далі мне класную каманду. Я не расчараваўся ні ў  водным чалавеку, усе крута адпрацавалі. Ўбачыў, што вакол ёсць шмат класных людзей, якія думаюць, як мы. Ну і проста было весела.

Я ўпэўнены, што набраў больш, чым 7%. Гэта маё цвёрдае перакананне. Ну, напісалі і напісалі. Значыць, так захацелі. Камусьці напісалі 1-2%, камусьці 7-8%.

Пра следчага, які хацеў стаць дэпутатам

Даведка: Следчага Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Паўла Зініна звольнілі пасля таго, як ён захацеў вылучыцца кандыдатам у дэпутаты парламента на мінулых выбарах па Крычаўскай акрузе №83. Пасля таго, як яго вымусілі зняць сваю кандыдатуру і звольнілі, ён стаў даверанай асобай Юрыя Стукалава.

Павал – мой аднакласнік. Мы з ім размаўлялі яшчэ да таго, як адбылася гісторыя з яго звальненнем Ён мне сказаў, што ён пайшоў на выбары. Я ведаў, што ён ідзе ні ад апазіцыі, ні ад каго. Ён вырашыў гэта зрабіць проста як неабыякавы чалавек. Не ведаю, было  ягонай памылкай ці не, што ён не паставіў у вядомасць сваё кіраўніцтва. Я ведаю, што гэта добры, разумны хлопец, сапраўдны працаголік. Работнік, які верай і праўдай служыў дзяржаве. Тое, як з ім паступілі, – гэта застанецца на сумленні тых, хто гэта зрабіў. Павал можа прынесці карысць краіне. Я прапанаваў яму далучыцца да маёй каманды, у тым ліку – маральна падтрымаць, паколькі чалавека проста маральна раздушылі.

 Аб сваіх першых магчымых кроках у парламенце

У першую чаргу, я б сабраў сваю каманду і мы б падумалі над тым, што мы паабяцалі людзям у сваёй перадвыбарчай праграме, што мы б маглі зрабіць максімальна хутка. Я б ініцыяваў адмену «закона аб дармаедах». Таксама я б больш карэктна падышоў да нашай пенсійнай сістэмы, якую трэба мяняць і рабіць страхавой. Вядома, гэта вельмі доўгі працэс. Разам усё вырашыць не атрымаецца. Але ж ў агульны працоўны стаж трэба залічваць службу ў войску, вучобу ў ВНУ, дэкрэтны адпачынак. Гэта такія рэчы, якія неабходна ўлічваць. Плюс, вырашалі б пытанні, якія хвалююць мяне і маю каманду – гэта пытанні, якія тычацца прадпрымальнікаў, лібералізацыя законаў, падаткаў, зніжэнне ўзроўню ПДВ.

1 КАМЕНТ

  • Леанід

    Трэба правесці фэст, Магілёў. і я ў ім. Ня дрэнна і конкурс папярэдні правесці вершаў і роднай песні.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў