На мінулым тыдні дырэктар па даследаваннях аналітычнага цэнтра EAST Андрэй Елісееў заявіў, што ў Беларусі актывізавалася сетка прарасійскіх прапагандысцкіх сайтаў у рэгіёнах. Хто дзейнічае ў нашай вобласці?

22 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Аналітычны цэнтр EAST у сваім даследаванні сцвярджае, што колькасць крыніц дэзынфармацыі і прапаганды ў дачыненні да Беларусі ў апошнія гады рэзка павялічылася. На сёння даследнікі налічылі каля 40 штук.

Гэтыя сайты разбілі на некалькі груп, у залежнасці ад агрэсіўнасці прапагандысцкіх матэрыялаў, якія яны публікуюць. У спіс самых агрэсіўных крыніц Андрэй Елісееў і яго калегі аднеслі адразу два сайты з Магілёва – Mogilew.by і Падняпроўе-Інфа (podneprvie-info.com).

Паводле даследавання, гэтыя медыя «цалкам або амаль цалкам факусуюцца на асвятленні беларускай тэматыкі, рэгулярна месцяць уласныя матэрыялы са зместам дэзынфармацыі і прапагандысцкіх наратываў і часта з выкарыстаннем мовы варожасці».

АГРЭГАТАР ІМЯ СТАЛІНА

Сайт Mogilew.by не зусім адпавядае апісанню Елісеева, які аднёс гэты рэсурс да сеткі рэгіянальных прарасійскіх сайтаў. У адрозненне ад астатніх падобных крыніц, якія пачалі функцыянаваць каля 2016 года,  Mogilew.by працуе ў горадзе ўжо досыць даўно – прыкладна з канца 00-х гадоў. Праўда, доўгі час у яго быў іншы дамен – Mogilev.by (а не Mogilew.by). Нейкі час рэсурс належыў «Белтэлекаму» і нават уваходзіў у спіс «Гасцявых рэсурсаў» – сайтаў, на якія распаўсюджваўся бясплатны доступ. Нават цяпер там ёсць укладка «Мой Белтэлекам».

Гэта быў досыць просты агрэгатар рэспубліканскіх і мясцовых навін. Аднак з часам, відаць, ён перайшоў у чужыя рукі і пачаў публікаваць відавочную чарнягу, накшталт матэрыялаў «Антысталініст – гэта або малапісьменны дурань, або падлюга», «Маршал Язаў пра жахлівую хлусню і праўду пра Сталіна» і таму падобных.

На сёння Mogilew.by – усё той жа агрэгатар навін і антыбеларускіх думак. У прыватнасці, сайт актыўна перадрукоўвае негатыўную інфармацыю пра абаронцаў Курапатаў, таўруе беларускіх нацыяналістаў, выступае супраць бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Могилевский сайт mogilev.by проверят на наличие экстремизма

Уласных матэрыялаў у Mogilew.by няма – адны перапублікацыі з чарнасотнікавых сайтаў накшталт ImhoCLUB, Politring, Telescop і іншых. Зрэшты, падбор навін дазваляе камандзе сайта трымаць узровень антыбеларускага неадэквату вышэй зорак Крамля.

У сацыяльных сетках у рэсурса няма сваіх старонак. Затое «УКантакце» есці акаўнт з імем Лёва Магілёўцаў, у якога Mogilew.by пазначаны як уласны сайт. Лёва рэпосціць матэрыялы з яго наўпроста да сябе ў акаўнт.

ЗЛЫЯ КАЧКІ ПАДНЯПРОЎЯ

Другі сайт са спіса – Падняпроўе-Інфа – значна цікавей хаця б таму, што пра яго, здаецца, да даследавання EAST ніхто не ведаў. Гэта таксама агрэгатар, але арыентаваны ён у першую чаргу на навінах Магілёўскай вобласці. Нягледзячы на тое, што сайт аднесены Елісеевым і EAST да найбольш варожых прарасійскіх крыніц, адміністратар не саромеецца браць навіны з Хартыі-97, «Нашай Нівы», mspring.online і іншых прабеларускіх рэсурсаў.

Навінавы парадак там фактычна нейтральны – у матэрыялы з іншых крыніц рэдакцыя не ўносіць ніякіх змен.

Да прапаганды адносіцца толькі рубрыка «Блогі», у якой ёсць каля паўсотні запісаў. Пад імі ёсць некалькі аўтараў – нехта Андрэй Дудзінаў, Максім Няфёдаў, Валер Канцавы і Рыгор Туляк, аднак па стылі пісьма можна выказаць здагадку, што ўсе гэтыя тэксты піша адзін чалавек.

Пачынаючы з сакавіка 2018 гады, Падняпроўе-Інфа прайшлося па журналістах незалежных беларускіх СМІ, абаронцах Курапатаў, стасунках Беларусі і Расіі і беларускай апазіцыі. Дасталася нават магілёўскаму актывісту Аляксею Паўлоўскаму, які жартам прасіў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа не дапусціць зачынення аўтастанцыі ў мястэчку Доўск – яго назвалі «свядомитом», які моліцца на амерыканскага прэзідэнта.

У адрозненне ад Mogilew.by, які адмовіўся ад унікальных артыкулаў, аўтары Падняпроўе-Інфа рэгулярна набіваюць скарбонку публікацый.

Па сваім падыходзе Падняпроўе-Інфа падобен на іншы магілёўскі сайт Васкрэс-Інфа, які, як мяркуецца, быў звязаны з мясцовымі спецслужбамі і рэгулярна пэцкаў непрыемнай субстанцыяй мясцовых апазіцыянераў. Апошні не абнаўляецца ўжо больш за год і лагічным выглядае здагадка, што людзі, якія адказвалі за Васкрэс-Інфа проста перайшлі на новы праект.

ЭПІК ФЭЙК

Магілёўскі медыя-ландшафт настолькі бедны, што ўсе магілёўскія сайты больш-меньш вядомы – хаця б таму, што большасць з іх перацягвае навіны адзін у аднаго. У гэтай сувязі здаецца дзіўным, што Падняпроўе-інфа доўгі час заставаўся незаўважаным. Асабліва калі ўлічыць, што ў старонак сайта ў «УКантакце» і ў Facebook больш за 1,2 тыс. падпісантаў.

Адказ просты – сайт актыўна карыстаецца накруткамі ў сацсетках. Калі разбіраць групу «УКантакце», то кідаецца ў вочы незвычайна вялікая колькасць лайкаў – кожны пост стабільна збірае ад 15 да 50 лайкаў. Гэтыя паказчыкі параўнальныя, прыкладам, з колькасцю лайкаў пад пастамі ў афіцыйнай групе расійскага «Рэха Масквы» – гэта прытым, што у «Рэха» каля 140 тысяч падпісантаў.

Тое, што «падабайкі» пад пастамі Падняпроўе-інфа фэйкавыя, кажа і то, што ў сярэднім адзін пост набірае каля 50-70 праглядаў, што характэрна для групы, у якой каля 400-500 жывых падпісантаў.

Зваротная сітуацыя ў Facebook – там лайкі, звычайна, ставяць значна актыўней, чым у «УКантакце». Але менавіта на старонцы FB «Падняпроўя» пад апошнімі 50-цю пастамі няма ніводнай рэакцыі ці каментара.

У ВЫНІКУ

Абодва сайты, безумоўна, унесеныя ў спіс прарасійскіх прапагандысцкіх рэсурсаў нездарма. Аднак ёсць адчуванне, што пакуль яны працуюць у «прагрэўным» рэжыме, перыядычна выконваючы план па накідах на ідэалагічны вентылятар.

Калі ж уявіць, што гэтыя рэсурсы будуць працаваць у поўную сілу – публікаваць унікальныя навіны і нармальна займацца сацыяльнымі сеткамі – то яны, пры належным фінансавым падсілкаванні Расіі, могуць стаць заўважным медыйным гульцом на рэгіянальнай інфармацыйнай прасторы, улічваючы яе слабасць і збяднеласць.