Віктар Марціновіч у Магілёве: «Возера радасці» – мая спроба стварыць «Вайну і мір»

Прыводзім цытаты з сустрэчы, на якой пісьменнік разам з перакладчыкам Віталём Рыжковым прадставіў магілёўцам сваю апошнюю кнігу.

21 верасня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


Пяты раман Марціновіча, па яго прызнанні, з’яўляецца “самым шчырым і дарослым з усіх ягоных твораў”. Першапачаткова кніга была напісана і выдадзена на рускай мове, пасля чаго паэт Віталь Рыжкоў перавёў яго на беларускую. Менавіта гэтую версію «Возера радасці» прэзентавалі літаратары на «Коле».

На сустрэчу сабралася некалькі дзесяткаў магілёўцаў, у асноўным маладых. Марціновіч і Рыжкоў зачыталі па ўрыўку з кнігі, а астатні час размаўлялі з публікай і спрабавалі растлумачыць, што значыць гэтая кніга. Падаем найбольш звонкія цытаты, якія гучалі на мерапрыемстве:

img_1983

Віктар Марціновіч пра ідэю кнігі

«Мне падалося вельмі важным стварыць вычарпальны твор, па якім можна было б вывучаць наш час. Мэтры вельмі шчыльна працуюць з гісторыяй, вывучаючы і раскрываючы яе. Маладое пакаленне занадта сыходзіць у постмадэрнізм, што дзіўна ў эпоху пост-постмадэрнізму. Не было той літаратуры, якая б асэнсоўвала апошнія дваццаць гадоў нашага жыцьця. Прачытаўшы «Возера радасці», можна спазнаць свой лёс. Гэта нейкая спроба стварыць сваю «Вайну і мір». Гэта, вядома, сказана з іроніяй, але спроба атрымаць нешта пра эпоху, пра пакаленні ёсць. Я думаю, гэта самы рэалістычны з маіх раманаў. Для таго каб намаляваць партрэт эпохі, трэба было намаляваць партрэт героя. Думаў доўга, хто б мог ім быць. Мы шмат пра што мяркуем аб Беларусі па дзейнасці чыноўнікаў. Але чыноўнік не можа быць героем. Сёння гэта хутчэй нейкая адсутнасць героя. Мог быць героем вялікі бізнэсовец, які ёсць у рамане. Але я выбраў галоўнай гераіняй яго дачку, дзяўчынку з багатай сям’і, якую бацька літаральна ненавідзіць».

Віктар Марціновіч пра знакамітасць беларусаў

«Час і такія персоны, як Быкаў і Скарына прызвычаілі нас, што для таго, каб стаць вядомым у нас і прынесці карысць сваёй краіне, трэба з’ехаць з гэтай краіны, а потым вярнуцца. У мяне ў самога жыццё літаральна праходзіць у цягніках, ужо паслязаўтра я лячу прадстаўляць кнігу ў Швецыю».

img_2025

Віктар Марціновіч пра дабрачыннасць

«Кніга “Возера радасці” на рускай мове выйшла ў выдавецтве  “Время”, асобнікі вельмі хутка раскупляюць. Пры гэтым я адмовіўся ад аўтарскіх адлічэнняў з боку выдавецтваў, якія выпускаюць беларускамоўную версію кнігі. Такім чынам я хачу падтрымаць беларускі кнігадрук».

Віктар Марціновіч пра змену мовы

«Я стараюся чаргаваць мовы, на якіх я пішу кнігі. Папярэдняя “Мова” была першапачаткова напісана па-беларуску, «Возера радасці» – адразу па-руску. З аднаго боку, гэта дазваляе не станавіцца “на рэйкі”, вырывае з зоны камфорту, пасля чаго пачынаеш задумвацца над кожным словам. Ты больш думаеш пра тое, як дакладней перадаць ўласную думку – мне здаецца, так і трэба пісаць кнігі».

img_2015

Віктар Марціновіч пра сваю памылку

«Пры гэтым “Возера радасці”я пісаў на рускай яшчэ і таму, што беларуская мова, на мой сорам, мне ўяўлялася некалькі беднай ў датычнасці прыметнікаў, якія апісваюць адценні пачуццёвага свету чалавека. Віталь Рыжкоў проста разграміў мяне і даказаў, што я не маю рацыі – беларуская версія рамана атрымалася вельмі дакладнай, за што Віталю больш дзякуй».

Віктар Марціновіч пра Рыжкова

«Два месяцы ён думаў над першай фразай. Я лічу, што гэта гаворыць пра тое, наколькі прафесійна ён падышоў да працэсу перакладу, як пісьменна ён абдумваў кожнае слова».

Віталь Рыжкоў пра нас

«Ужо які раз падчас перакладу я разумею, якія ў нас усе – класныя мовазнаўцы, кожны ведае, як лепш перакладаць. Вельмі шмат было скепсісу ў адносінах да нашага перакладу, да кнігі. Нажаль, беларусы ненавідзяць беларусаў».

img_1970

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў