Магілёўскі ВНУ зняў вельмі дзіўны ролік пра выбары


ВЫБАРЫ-2018, СОЦЫУМ / Wednesday, January 31st, 2018

Годны супернік расійскім фільмам.

31 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя Аркадзя Куляшова як след падрыхтаваўся да выбараў і выпусціў матывіровачны ролік найвышэйшага ўзроўню. Ён складаецца з двух відэа.

На першым відэа на пярэднім плане – хлопец у зялёнай майцы. Як мы даведаемся далей з відэа, яго завуць Ваня. Магчыма, у яго нейкая хвароба, фобія, якая перашкаджае яму закідваць гумовыя надзьмутыя прадметы ў кольца. Яго суправаджае таямнічы голас за кадрам:

– Пададу? Не, не змагу. Пападу? Не. Не атрымаецца. Пападу? Наўрад ці.

У гэтым жа зале знаходзіцца дзяўчына, якая нецярпліва глядзіць на гадзіннік. Урэшце, яна стамляецца ад дзівацтваў хлопца і кажа яму:

– Давай, кінь ўжо!

Хлопец з цяжкасцю распазнае словы і перапытвае, што яна сказала. Яна яшчэ раз паўтарае, каб ён кінуў. Ён сябе пераадольвае. Кідае. Мяч у кольцы. Дзяўчына ў экстазе пляскае ў ладкі. Голас за кадрам кажа:

– Ваня пакінуў сумневы. Ён наважыўся. Вырашай і ты. Прыходзь на выбары 18 лютага.

*Наш іншы журналіст, Алесь Святліцкі, выказаў здагадку, што аўтар роліка хацеў сказаць, што замест бюлетэняў у выбарчыя скрыні трэба закідваць спартыўныя мячы.

На Ваню аўтары відэа не прыструньваюць коней сваёй фантазіі і працягнулі прапагандаваць сацыяльна-адказны лад жыцця. У другім роліку змяняецца лакацыя. Цяпер ужо на другім паверсе МДУ каля кабінета, які назвалі прэс-цэнтрам, шасцёра маладых людзей чамусьці просяць распісацца маладую дзяўчыну на пустых аркушах паперы. Недалёка стаіць малады чалавек па імені Міша. Усё той жа таямнічы, поўны беларускай тугі голас за кадрам пытаецца ў яго:

– Міша. Міша. Паглядзі, хто ты і хто – яна. Хіба вы пара?

У гэты час дзяўчына працягвае радавацца белым паперкамі, якія шасцёра чалавек падсоўваюць зноў і зноў. Магчыма, яна проста распісвае засохлую ручку. У нейкі момант двое хлопцаў перад ёй пляскаюць адзін аднаго па далоні. Падсунуць белы ліст незнаёмай дзяўчыне – іх мара. Голас за кадрам пачынае матываваць:

– Міша, вырашайся. Ідзі.

Міша сціскае кулакі і рухаецца наперад. Шасцёра чалавек, якія дапамагалі дзяўчыне распісваць ручку, расступаюцца. Міша прапануе распісаць яе ручку і на сваёй паперцы. Яму асабліва вязе – дзяўчына ў падзяку адорвае героя відэа пацалункам.

– Міша пакінуў сумневы. Ён наважыўся. Вырашайся і ты.

* Ідзе застаўка «Выбары 2018».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *