Дубінка ў заднім праходзе і збіццё сыдуць міліцыянтам з рук?


ПРАВААБАРОНА / Tuesday, April 3rd, 2018

Магілёвец сцвярджае, што на працягу трох месяцаў не можа дабіцца праўды.

3 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Арганізацыя «Праваабаронцы супраць катаванняў» паведаміла, што 28-гадовы жыхар Магілёва Стас ўжо тры месяцы не можа дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы па факце здзекаў з боку сілавікоў.

Паводле яго слоў, у канцы снежня 2017 года яго падвергнулі фізічнаму гвалту ў пастарунку №8 двое супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Нясцярук і Кутковіч. Акрамя збіцця, міліцыянты захацелі «пакараць» магілёўца ў вар’яцкай форме, уставіўшы міліцэйскую дубінку яму ў задні праход.

Пасля на медыцынскім аглядзе лекары паведамілі Стасу, што ў яго «гемарой», затым гэта пацвердзілі і судмедэксперты.

Пасля інцыдэнту, як сцвярджаюць праваабаронцы, у Стас здарылася істэрыка і ён зламаў стол у пастарунку, за што на яго завялі крымінальную справу за злоснае хуліганства.

Стас вырашыў прыцягнуць участковых інспектараў, якія з яго здзекваліся, да крымінальнай адказнасці і накіраваў скаргу ў пракуратуру. Аднак прайшло ўжо тры месяцы, а ніякіх вынікаў, сцвярджае магілёвец, няма:

– Ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання ў мяне не было, таму я накіраваў у зварот пракуратуру пра тое, што хачу быць азнаёмлены з вынікамі праверкі, а таксама зварот з просьбай прызначыць паліграф як для мяне, так і для Нясцярука з Кутковічам.

Пасля гэтага мяне выклікалі ў УСБ. Я прыйшоў і яшчэ раз агучыў, што хачу прайсці тэст на паліграфе. Мясцовы следчы выдаў мне «паперку», дзе было сказана, што я папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за дачу загадзя ілжывых паказанняў, і спытаў, ці разумею я, што калі вынікі паліграфа пакажуць маю няправасць, магу атрымаць штраф да 40 базавых. Я ў сабе не сумняваўся, таму ўсе падпісаў. Тады ж даведаўся, што Нясцярук і Кутковіч ад праходжання паліграфа адмовіліся.

Па словах Стаса, ён правёў на паліграфе пяць гадзін. Але з вынікамі яго ніхто не азнаёміў, паколькі «паліграф праводзіўся для службовага расследавання».

– Адзіная выснова, якую я магу зрабіць цяпер, гэта тое, што мае паказанні пацвердзіліся. Бо калі б паліграф паказаў, што я кажу няпраўду,  то ў дачыненні да мяне павінны былі б распачаць крымінальную справу, – лічыць Стас.

Стасу нічога не вядома пра тое, як вядзецца праверка ў цяперашні час. Ён не ведае ці ёсць якія-небудзь вынікі і ці робіцца хоць што-небудзь. Удалося даведацца толькі прозвішча следчага – Старыкаў. І тое, толькі таму, што ён з’явіўся на следчым эксперыменце па справе аб зламаным стале.

На яго думку, сілавікі спецыяльна прытарможваюць расследаванне катаванняў з боку міліцыянтаў і імкнуцца прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці з-за зламанага стала. Толькі праз тры з паловай месяца вопратку Стаса, у якой ён быў, пакуль над ім здзекаваліся, узялі на праверку, як і тую самую міліцэйскую дубінку.

– Ніхто не хоча садзіць супрацоўнікаў. Уявіце, калі іх прызнаюць вінаватымі, якая падымецца шуміха і паніка, колькі зорак з пагонаў «зляціць». А калі пасадзяць мяне, то хто пацерпіць? Толькі я.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *