Каб з’явіцца ў міліцыю, фрылансер павінна ўмець перамяшчацца ў часе

Аліне Скрэбуновай даслалі позву на ўчорашні дзень.

14 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На галоўным малюнку – TARDIS з брытанскага серыялу Doctor Who


Супрацоўнікі МУС абвінавачваюць фрылансера Аліну Скрэбунову ў незаконнай вытворчасці прадукцыі СМІ і гатовыя дапытаць яе, як асобу, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. На іх думку, свабодная журналістка зрабіла рэпартаж для тэлеканала «БелСАТ», чым парушыла заканадаўства. Раней міліцыя праз СМС-ку запрасіла яе даць паказанні, аднак Аліна Скрэбунова запатрабавала даслаць позву, аформленую па правілах.

Міліцыя зрабіла гэта. Амаль.

14 чэрвеня мне дадому прынеслі заказны ліст, узяла сястра, хоць і адмаўлялася доўга. Там была позва для яўкі ў апорны пункт аховы правапарадку №6 у 13 гадзін 13 чэрвеня. Мы прабілі па сайце «Белпошты», калі быў адпраўлены ліст і даведаліся, што яго ўчора ж і паслалі. У паштовае аддзяленне, якое абслугоўвае наш дом, яно было пераслана толькі сёння, – пракаментавала сітуацыю Аліна Скрэбунова. – Трапіць у прызначаны час у пастарунак было немагчыма.

Праваабаронца Барыс Бухель здзіўляецца такім дзеянням міліцыі.

– Яны быццам не ведаюць, што ліст імгненна даставіць нельга. Цалкам верагодна, што гэта проста спроба надаць сваім дзеянням законны выгляд, маўляў, вось і аформленую позву Скрэбуновой пасылалі, а яна не прыйшла. Праўда, выйшла яшчэ больш недарэчна, чым у гісторыі з СМС, – падзяліўся меркаваннем Бухель.

Аліна Скрэбунова дапускае, што гэта была толькі спробай «легалізаваць» запрашэнне ў апорны пункт:

– Зараз у іх па дакументах ёсць нармальна аформленая позва. Магчыма, яны паспадзяваліся на «авось», што я магу прыйсці 13 чэрвеня па СМС-запрашэнні, а калі не прыйшла, вырашылі зрабіць усё па законе, але спазніліся на дзень. Хоць для начальства іх будзе выглядаць так, што сапраўды выклікалі, – лічыць фрылансер.

У дадзены момант яна чакае развіцця падзей.

Нагадаем, гэта ўжо другая адміністрацыйная справа за незаконны выраб прадукцыі СМІ за апошнія два месяцы ў дачыненні да Скрэбуновай. Першая справа, якую вёў Ленінскі РАУС, спынена за адсутнасцю складу правапарушэння.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў