Валадар Цурпанаў: “Заявіў міліцыянтам, што іх дзеянні – нахабны цынізм”

14 чэрвеня ў Ленінскім РАУС адбыўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні праваабаронцы і актывіста.

14 чэрвеня. Магілёў. Ленінскі РАУС. Ігар Лазоўскі


Валадара Цурпанава абвінавачваюць у марным выкліку міліцыі. Гэта адна з двух адміністрацыйных спраў, якія заведзены супраць яго на дадзены момант. Па словах праваабаронцы, на разгляд ён прыйшоў з жонкай і журналістам.

– Я патрабаваў, каб разгляд выконваўся, як судовы працэс, хоць ён і праходзіў у Ленінскім РАУС. І я патрабаваў, каб усе тыя правы, якія мне гарантуюцца, выконваліся. Прыйшоў падпалкоўнік Калацілкін. Падрыхтавалі месца для разгляду. Паклікалі нас. Пачаўся працэс. Я адразу патрабаваў, каб працэс вёўся па-беларуску. Яны далі мне беларускамоўны варыянт маіх правоў. Я спытаў, ці будуць яны выклікаць перакладчыка. Падпалкоўнік Юрый Калацілкін, які вёў разгляд, сказаў, што у стане сам забяспечыць беларускамоўны працэс. Канешне, гэта была тая беларуская мова, дзе ўсяго было “пяць словаў” па-беларуску, а астатнія – па-руску, – распавёў нашаму карэспандэнту Валадар Цурпанаў.

Ён  адзначае, што знайшоў у матэрыялах справы шматлікія парушэнні:

– Я заявіў, што справа павінна быць дапрацавана. Пратакол не адпавядае заканадаўству – там не было сведак, а падчас інцыдэнту яны былі, і павінны былі быць адзначаны. Мяне праігнаравалі і працягнулі. Тады я запытаўся, хто вядзе пратакол разгляду. Мне адказалі, што пратакол не вядзецца, бо, нібыта, будзе пастанаўленне. Але ж! Гэта ж аналаг судовага разгляду! Няхай ён праходзіць не ў судзе, але же мае хадайніцтвы, мае заявы, усё гэта павінна быць адзначана ў пратаколе. Адсутнасць пратаколу – сур’езнае парушэнне. Я так і заявіў, што іх дзеянні – нахабны цынізм. Я патрабаваў, каб матэрыялы вярнулі на дапрацоўку. Таксама, я сказаў, каб міліцыянты паклапаціліся аб прысутнасці ўсіх удзельнікаў адміністрацыйнага працэсу. Заўтра, 15 чэрвеня, у 14 гадзін мяне чакае новы разгляд справы, – паведаміў Валадар Цурпанаў.

Магілёўскага праваабаронцу абвінавачваюць у марным выкліку міліцыі пасля інцыдэнту ў гарадской пракуратуры, які адбыўся на пачатку траўня. Цурпанаў хацеў аддаць сваю скаргу старэйшаму памочніку пракурора Віталю Маркаву ў ягоным кабінеце. Але той збіраўся выслухаць візіцёра ў фае ўстановы. Калі Цурпанаў запатрабаваў кнігу заўваг, дзяржслужачы ў адказ папрасіў паказаць пашпарт. Пасля непрацяглай спрэчкі праваабаронца выклікаў міліцыю. Адразу пасля гэтага яму прадаставілі кнігу заўваг. Праз нейкі час на Цурпанава склалі заяву аб адміністрацыйным правапарушэнні за марны выклік міліцыі.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў