Мясцовая папраўчая ўстанова прайшла доўгі шлях гуманізацыі з 90-х гадоў. Аднак некаторыя мінімальныя патрабаванні ААН не выкананы дагэтуль.

5 красавіка. Магілёў. Саша Мінько


Удзельнікі дыскусіі, арганізаванай магілёўскім часопісам пра правы чалавека mspring.online і рэгіянальным аддзяленнем праваабарончага цэнтра “Вясна” адзначылі гуманізацыю айчыннай пенітэцыярнай сістэмы. Умовы ўтрымання затрыманых, арыштаваных і асуджаных рэальна змяніліся ў лепшы бок у параўнанні з 90-мі гадамі. Але ці здагадваюцца грамадзяне, чаму?

«Белорусы живут по понятиям, потому что законы не работают? Что говорили на ток-шоу mspring.online

Сёння асуджаныя маюць права раз на паўгады атрымліваць 30-кілаграмовыя пасылкі, дазволеныя спатканні, ліставанне і тэлефанаванні, да іх перыядычна ўжываюцца амністыі і можна выйсці па УДА (умоўна-датэрміновае вызваленне) ці пакаранне можа быць заменена мякчэйшым. Але ці варта спяшацца казаць дзякуй за гэта? Правоў у людзей, якія патрапілі за краты,  насамрэч яшчэ больш.

ЖЭНЕВА-55

У далёкім 1955 годзе ў Жэневе прайшоў першы Кангрэс ААН па папярэджанню злачыннасці і абыходжання з парушальнікамі права. На ім ужо тады былі прыняты “Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі”.

Гэты дакумент мае статус канвенцыі, то бок, шматбаковага пагаднення пра падтрымку прынятых стандартаў кожнай краінай у сябе. СССР, які быў краінай закрытай, дэ-факта парушаў прынятыя на сябе абавязкі. З яго развалам незалежная Рэспубліка Беларусь была вымушана, як чалец ААН, выконваць узятыя на сябе абавязкі.

Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі” дастаткова цвёрда і скрупулёзна рэгламентуюць ўладкаванне месцаў пазбаўлення волі. Вядзенне рэестра зняволеных у выглядзе пераплеценага часопіса з пранумараванымі старонкамі, разбіўка па катэгорыях зняволеных з улікам іх прысуду, ўзроста і асуджанасцяў, правіла асабістай гігіены – усё гэта даўно выверана міжнародным дакументам, а зусім не з’яўляецца добрай воляй дзяржавы.

Фасад магілёўскай турмы знадворку выглядае прыстойна. Але што ўнутры?

ШТО НЕ ТАК?

Магілёўская Турма №4, следчы ізалятар пры ёй (СІЗА) і ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) пасля вывучэння палажэнняў канвенцыі выглядаюць нядрэнна толькі да пунктаў 10 і 11 “Мінімальных правілаў”.

Пункт 10 абвяшчае: усе памяшканні, якімі карыстаюцца зняволеныя, асабліва ўсё спальныя памяшканні, павінны адказваць усім санітарным патрабаванням, прытым належную ўвагу варта звяртаць на кліматычныя ўмовы, на кубатуру гэтых памяшканняў, на іх мінімальную плошчу, на асвятленне, ацяпленне і вентыляцыю.

Увесь час запаленая цьмяная лямпачка пад столлю, пра якую сядзельцы перапоўненых халодных камер кажуць усе 28 гадоў беларускай незалежнасці – наўпроставае парушэнне канвенцыі. Да таго ж, выветранне памяшканняў дагэтуль з’яўляецца нечым нерэальным, калі верыць тым, хто выходзіць з брамы гэтай сумнай установы.

Далей – горш. 11-ы пункт міжнароднай дамовы абвяшчае:

11. У памяшканнях, дзе жывуць і працуюць зняволеныя:

а). вокны павінны мець дастатковыя памеры для таго, каб зняволеныя маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле, і павінны быць сканструяваны так, каб забяспечваць доступ свежага паветра, незалежна ад таго, ці існуе штучная сістэма вентыляцыі;

b). штучнае асвятленне павінна быць дастатковым для таго, каб зняволеныя маглі чытаць ці працаваць без небяспекі для зроку”.

У гэтым месцы лаяльнасць да мясцовай пенітэцыярнай установы сканчаецца. Дагэтуль па зусім незразумелай прычыне вокны камер магілёўскай турмы завараны частымі металічнымі плоскімі “вейчыкамі” пад такім кутом, каб дзённае святло не праходзіла ў камеру. Замяніць іх на звычайныя краты не складзе цяжкасці, але пакуль на гэта няма палітычнай волі.

Магілёўская турма №4, як і іншыя турмы і СІЗА, не выконвае “Мінімальныя стандартныя правілы звароту са зняволенымі”. І з гэтым патрэбна нешта рабіць. Вось яны, вокны, завешаныя жалезам знадворку

Дастатковае абысці турму і ўбачыць яе са зваротнага боку. Менавіта тут сядзяць арыштанты. Вокны фасада – гэта кабінеты начальства.

Да раёна магілёўскай турмы трэба прывыкнуць. Паміж СІЗА і ІЧУ ёсць сцяжынка для жыхароў паўдзясятка чатырохпавярховікаў, што стаяць шэрагам.

А вось так турма выглядае з боку ізалятара часовага зместу (ІЧУ), які знаходзіцца побач. Калі пацікавацца, толькі адно акно закратавана звычайнымі прэнтамі, на астатніх бачны тыя самыя жалезныя “вейчыкі”.

А вось яны буйней, за колкім дротам. Металічныя жалюзі, скіраваныя ўніз. З-за іх нават у сонечныя дні ў камерах пануе прыцемак. Гэта кампенсуецца кругласуткава запаленай пад столлю лямпачкай. У камерах вельмі вільготна з-за немагчымасці выветрыць памяшканне.

Праблемным у беларускіх турмах застаецца і пытанне шпацыраў. Звычайна, кожны затрыманы або арыштаваны мае права на гадзінны шпацыр, але супрацоўнікі закрытых устаноў часта любяць паспрачацца на гэты конт.

Пры гэтым пункт 21 Мінімальных правілаў абвяшчае: “Усе зняволеныя, не занятыя працай на свежым паветры, маюць штодня права прынамсі на гадзіну прыдатных фізічных практыкаванняў на двары, калі гэта дазваляе надвор’е”. Шпацырны панадворак недзе за гэтым плотам

І ёсць яшчэ адна фармальна абавязковае патрабаванне ААН, якое Беларусь ніколі не выконвала і выканае яшчэ не хутка. Адзначым толькі, што на такія ўмовы не могуць разлічваць сядзельцы СІЗА і ІЧУ. Гэта норма распаўсюджваецца толькі на турмы. Вось яно, шакавальнае патрабаванне:

«9. 1) Там, дзе зняволеныя начуюць у камерах ці пакоях, кожны з іх павінен мець асобную камеру ці пакой. Калі па асаблівых прычынах, такіх, як часовая перагрузка турмы, цэнтральнаму турэмнаму кіраўніцтву даводзіцца адмовіцца ад ужывання гэтага правіла, змяшчаць двух зняволеных у адну і тую ж камеру ці пакой уяўляецца непажаданым”.

НА УЗРОЎНІ АФРЫКІ

Застаецца дадаць, што Правілы ўнутранага распарадку ў папраўчых установах і СІЗА, якія захоўваюцца за сямю пячаткамі, абавязаны адпавядаць не толькі дзейнаму заканадаўству, але і стандартам ААН.

Пры гэтым адзначым, што стандарты ААН нельга назваць досыць высокімі. Яны, хутчэй, кампрамісныя, каб і бедныя краіны Афрыкі ці Лацінскай Амерыкі змаглі іх выканаць. На жаль, у спіс краін трэцяга свету ў гэтым пытанні можна аднесці і Беларусь.

Еўропа жыве па іншых правілах, што даўно пакінулі ззаду мінімальныя патрабаванні. Там дзейнічаюць свае “Еўрапейскія Пенітэцыярныя Правілы” – нормы, зацверджаныя Кабінетам Міністраў Рады Еўропы 12 лютага 1987 года. Яны заснаваны на падрыхтоўцы і рэалізацыі індывідуальных планаў адбывання пакарання зняволенымі. Каб зразумець, наколькі айчынная сістэма далёкая ад еўрапейскай, дастаткова працытаваць пункт 43.2 правілаў:

“43.2. Каб спрыяць камунікаванню з навакольным светам, павінна існаваць сістэма водпускаў з месцаў пазбаўлення волі, сумяшчальная з мэтамі папраўчага ўздзеяння”.

Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы, таму нам цяжка сабе ўявіць, як кантралёры прапануюць вязню схадзіць у адпачынак. Але рана ці позна гэта адбудзецца. Адно з патрабаванняў Рады Еўропы да дзяржаў, якiя ўступаюць у яго склад такое: пры падрыхтоўцы крымінальна-выканаўчага заканадаўства ў яго аснову павінны быць пакладзены прынцыпы і стандарты Рады Еўропы.

Пакуль жа мы можам толькі апеляваць да ААН-аўскага дакументу. У 2011-2015 гадах ён быў перагледжаны ў бок яшчэ большай гуманізацыі і атрымаў дадатковае назва – “Правілы Нэльсана Мандэлы”. З улікам змен Мінімальныя стандартныя правілы ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі былі прынятыя Генеральнай Асамблеяй ААН. Для нас важна, што яны рэгламентуюць і працу персаналу пенітэнцыярных устаноў, і іх інспекцыю. Звярніце ўвагу на пункты 46-55. Вось дакумент цалкам.