Магілёўскія ўлады забаранілі пратэстны мітынг на 1 траўня

Арганізатары запэўніваюць, што ён усё роўна адбудзецца

23 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Актывістам Аляксандру Царуку і Раману Мішчанке адмовілі ў правядзенні мітынгу 1 траўня, які меў адбыцца на плошчы Леніна. Намеснік старшыні магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка, як і шмат разоў да гэтага, спаслалася на тое, што масавыя мерапрыемствы ў горадзе дазволена праводзіць толькі на вуліцы Чалюскінцаў у раёне былога стадыёна «Тарпеда».

Царук і Мішчанка, нягледзячы на ​​адмову, маюць намер правесці мерапрыемства.

– Нагадаем людзям, што 1 траўня – гэта яшчэ і свята, на якое можна прыходзіць з шарамі і сцягамі і казаць пра важныя і сур’ёзныя рэчы – пра Дэкрэт №3, пра падвышэнне коштаў на паслугі ЖКГ і на паліва, пра адсутнасць сапраўдных выбараў і шмат іншае. Гэта свята і нічога дрэннага няма, калі мы гэтае свята адсвяткуем разам з нашым народам на плошчы ў цэнтры Магілёва, – пракаментаваў адказ Раман Мішчанка.

Паводле ягоных слоў, да мерапрыемства могуць падлучыцца прадстаўнікі розных дэмакратычных сіл рэгіёну:

Нам вельмі не хапае кансалідацыі і агульных дзеянняў. Няхай 1 траўня мы сапраўды правядзем разам, аб’яднаўшы намаганні, – заявіў актывіст.

Пачатак акцыі намечаны на 10.00.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў