У нядзелю магілёўскія недармаеды збіраюцца на шпацыр

Апазіцыйныя палітыкі і актывісты прапануюць неабыякавым да Дэкрэта №3 магілёўцам прагуляцца ў цэнтры горада.

17 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Прадстаўнікі магілёўскіх дэмакратычных сіл атрымалі адмову на правядзенне 19 лютага “Марша недармаедаў” на пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада. Мясцовыя ўлады заявілі, што адзіным дазволеным для масавых мерапрыемстваў месцам з’яўляецца стадыён на ўскраіне горада па вул. Чалюскінцаў.

– Такім чынам, дазволіць правядзенне “Марша” на вуліцы Ленінскай не ўяўляецца магчымым, – заявіла намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка.

Мясцовую апазіцыю гэта не спыніла.

– Нішто не перашкаджае нам сабрацца 19 лютага ў 12:00 на вуліцы Ленінскай, каб проста прагуляцца, – заявіў кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў.

Калегі Шанцава з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўдакладнілі, што шпацыр пачнецца каля дома №29 (побач з кафэ «Валебана»).

Усім жадаючым прыняць у ім удзел ініцыятары прапанавалі вывесіць на сваіх старонках у сацыяльных сетках запіс «Я выйду 19 лютага на шпацыр у 12:00».

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл падкрэсліваюць, што гэта не з’яўляецца масавым мерапрыемствам.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў