Магілёўская арганізацыя АГП абвінаваціла галоўнага ідэолага горада ў сабатажы

Абласны Савет партыі патрабуе звольніць намесніка старшыні гарвыканкама Алу Галушку.

8 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота –  city.mogilev.by, Ала Галушка з мікрафонам


Савет Магілёўскай абласной арганізацыі АГП на пасяджэнні 7 чэрвеня прыняў заяву, у якой запатрабаваў змяніць рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах, а таксама вызваліць ад пасады Алу Галушку,якая адказвае за ідэалагічную працу на гарадскім узроўні.

Падставай для прыняцця заявы сталі змены ў рашэнне Магілёўскага гарвыканкама, якіх дамагліся праваабаронцы Аляксей Колчын і Барыс Бухель. Згодна з новай рэдакцыяй нарматыўнага акту, зараз для мітынгу, пікету або акцыі не трэба заключаць дамову з міліцыяй на ахову мерапрыемства. Раней гэта дамова была абавязковай.

АГП вырашыў дамагацца далейшай лібералізацыі мясцовага заканадаўства. У сваім дакуменце партыйцы патрабуюць ад уладаў выканання Канстытуцыі:

“Змены, якія ўнёс гарвыканкамам у сваё рашэнне, прынцыпова нічога не змянілі.

Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання замацаваны артыкулам 35 Канстытуцыі, і таму ганебна для краіны выглядае патрабаванне аплаты за паслугі камунальных прадпрыемстваў, аховы здароўя і міліцыі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. А месца для правядзення масавых мерапрыемстваў – закінуты стадыён на ўскрайку горада – гэта здзек у адносінах да палітычных партыяў і асобных грамадзян.

Ва ўсіх цывілізаваных краінах масавае мерапрыемства праходзіць па паведамляльнаму прынцыпу, без усялякага дазволу. Ніякай аплаты пры гэтым не патрабуецца. Масавыя мерапрыемствы праводзяцца ў месцах, прыдатных для гэтага, і зручных для насельніцтва“, – зазначылі сябры партыі.

Яны адзначылі, што за апошні час гарвыканкам не задаволіў ні водную заяўку АГП на правядзенне акцый і мітынгаў. Магілёўскі абласны Савет АГП заклікаў адмяніць рашэнне гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах і прыняць новае, якое б адпавядала Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым партыйцы запатрабавалі звольніць з пасады намесніка старшыні гарвыканкама Алу Галушку, якая, на іх думку, сабатавала артыкул 4 і артыкул 35 Канстытуцыі.

Заява накіравана ў гарвыканкам.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў