Афіцыйна: у Магілёве ў склад участковых выбаркамаў трапіў толькі адзін апазіцыянер

«Шчасліўчыкам» стала член БСДП (Грамада) Святлана Мельнікава, якая ўвайшла ва УВК №39.

31 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Адміністрацыя Ленінскага раёна апублікавала афіцыйныя спісы адабраных ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Згодна з імі, з прадстаўнікоў апазіцыі ў Магілёве туды трапіў толькі адзін чалавек, пенсіянерка Святлана Мельнікава, якая на працягу многіх гадоў з’яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

– Мы даведаліся пра гэта не адразу, а толькі пасля аналізу спісаў. Усяго мы вылучалі у склад камісій 11 чалавек, трапіла ва УВК толькі Мельнікава. У маштабе горада наяўнасць аднаго апазіцыянера ў выбаркамах – статыстычная памылка, спроба ўладаў стварыць карцінку «лібералізацыі». Па гэтай сітуацыі выдатна відаць, што ўлада не трывае канкурэнтаў і імкнецца перакрыць паветра тым, хто прытрымліваецца дэмакратычных поглядаў, – лічыць першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.

Палітык лічыць, што ўлады выбралі найбольш зручны для іх варыянт:

– Святлана Міхайлаўна даўно састаіць ў нашай партыі, аднак з-за ўзросту яна ўжо не так актыўная. Відавочна, што яна наўрад ці зменіць сістэму, якая будавалася гадамі, дзе людзі гадамі ўваходзяць у склады розных выбарчых камісій. Я разумею разлік уладаў, але хачу сказаць, што Святлана Міхайлаўна верная каштоўнасцям «Грамады». Мы правядзем адмысловы інструктаж для яе, каб яе праца ў УВК была карыснай.

БСДП (Грамада) разам з магілёўскім кіраўніцтвам БНФ «Адраджэнне» падала дакументы ў суд на не ўключэнне сябраў партый у склады камісій. Тое, што Мельнікава трапіла ва УВК, нічога не мяняе:

– Мы проста зробім хадайніцтва, каб яе выключылі з нашай скаргі. Па ўсіх астатніх дзесяці кандыдатурах мы будзем судзіцца і патрабаваць іх ўключэння ва ўчастковыя выбаркамы, – заявіў Барысаў.

Святлана Мельнікава з’яўляецца членам УВК №39, якая будзе размяшчацца ў СШ №21. Яна адносіцца да Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85, дзе найбольшыя шанцы на абранне ў парлямэнт мае галоўны ўрач паліклінікі №1 Аляксандр Старавойтаў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў