У Магілёве раптам быў затрыманы актывіст Стас Паўлінковіч

Міліцыя нечакана схапіла актывіста вечарам 10 верасня на працоўным месцы. Яму не далі паведаміць пра затрыманне родным і блізкім.

11 верасня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі. На фота – Станіслаў Паўлінковіч (у цэнтры) перад пачаткам судовага працэсу 11 верасня.


Станіслава Паўлінковіча пасля затрымання даставілі спачатку ў Ленінскі РАУС. Там інспектар Яўген Загорскі склаў на актывіста пратакол за ўдзел у «Акцыі папярэджання», якая адбылася вечарам 8 верасня ў Мінску.

Пасля Паўлінковіча даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Як ён сцвярджае, яму не далі патэлефанаваць адвакату і родным, таму ніхто не ведаў, куды падзеўся актывіст.

– На ІЧУ мне давялося начаваць без пасцельнай бялізны, вечарам і на наступную раніцу мяне не пакармілі. Сказалі, што да суду не дазволена, – падзяліўся Паўлінковіч ўражаннямі пра ізалятар.

На наступны дзень, 11 верасня, актывісту выпадкова ўдалося паведаміць праваабаронцам, што яго вязуць у суд Ленінскага раёна. Юрыст ПЦ “Вясна” Барыс Бухель разам з журналістамі выявіў, што ў раскладзе папярэдне быў пазначаны час суда над Паўлінковічам.

Падчас судовага працэсу, які вяла суддзя Аксана Ратнікава, актывіст заявіў пра шматлікія парушэнні з боку міліцыі і папрасіў час для пошуку адваката. Суддзя задаволіла хадайніцтва абвінавачанага і прызначыла перапынак да 15:00 13 верасня.

Па выхадзе з залы суда, Паўлінковіч паведаміў журналістам, што не хавае, што быў на акцыі, аднак нічога супрацьзаконнага не рабіў:

– Я нічога не граміў, ня крышыў, проста ўдзельнічаў у акцыі з украінскім сцягам. Калі дадуць суткі – ну, значыць буду сядзець. Гэта лепш, чым сядзець на канапе, як робяць многія мае суайчыннікі. Калі не падставіш спіну пад дубінку – нічога ў сваёй краіне не зменіш, – заявіў актывіст.

На момант публікацыі матэрыялу Станіслаў Паўлінковіч разам з праваабаронцам Барысам Бухелем падрыхтавалі скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС і ІЧУ УУС Магілёўскай вобласці.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў