У Магілёве два кандыдаты патрабуюць пераліку галасоў

Генадзь Лосікаў і Мікалай Залозны, кандыдаты ў дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86, паскардзіліся ў абласную выбарчую камісію на непразрысты падлік галасоў і блытаніну ва ўчастках.

14 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Лосікаў і Залозны адмовіліся верыць афіцыйным дадзеным, па якіх за іх прагаласавала 2,6% і 1,7% выбаршчыкаў адпаведна.

– Гэта ж абсурд, калі кандыдат [Іван Вараб’ёў], які не праводзіў зусім ніякай агітацыйнай кампаніі, збірае ў дзесяць разоў больш, чым чалавек, які ўдзельнічаў у дэбатах і размаўляў з людзьмі. Мы абодва з ім набралі каля тысячы ста подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатамі. У выніку, ў яго 27%, а у мяне – 2,6%. Я не веру, што людзі так прагаласавалі, – паведаміў Генадзь Лосік. Гэтую ж інфармацыю ён перадаў назіральнікам місіі АБСЕ.

Акрамя таго, падчас датэрміновага галасавання кандыдат выявіў, што тры дамы па Пушкінскім праспекце і чатыры дамы па вуліцы Габраўскай галасуюць на участках, якія адносяцца да Магілёўскай-Прамысловай акругі №87. Генадзь Лосікаў паведаміў пра гэта ў акруговыя камісіі і незалежным назіральнікам, пасля чаго жыхароў дамоў зноў прылічылі да 86-ай акругі.

– Што стала з галасамі тых, хто паспеў прагаласаваць не ў сваёй акрузе, нам невядома. Мы з Лосікавым хацелі ўбачыць, як сітуацыю адлюстравалі ў сваіх пратаколах адпаведныя ўчастковыя камісіі, аднак старшыня АВК №86 Аляксандр Кажамякін адмовіўся прадаставіць гэтыя пратаколы, – паведаміў назіральнік па дадзенай выбарчай акрузе Барыс Бухель.Тады мы папрасілі паказаць хоць бы памяшканне, дзе захоўваюцца бюлетэні выбаршчыкаў. Сакратар АВК Алена Сафонава правяла нас па будынку адміністрацыі Кастрычніцкага раёна да нейкага пакою, у якім пад сігналізацыяй, нібыта, захоўваліся лісты з галасамі выбаршчыкаў. Але кнопка сігналізацыі не гарэла. Разам мы пайшлі на пост аховы, дзе супрацоўнік дэпартамента аховы паведаміў, што памяшканне не знаходзіцца пад сігналізацыяй і ніякіх бюлетэняў там няма. Нібыта, яны перададзены на захоўванне адміністрацыі раёна. Цікавая атрымліваецца сітуацыя, у якой нават сакратар акруговага выбаркама не ведае, дзе ўтрымліваюцца бюлетэні праз два дні пасля выбараў.

Бухель дапамог скласці Лосікаву і Залознаму скаргу, у якой кандыдаты запатрабавалі правесці паўторны падлік галасоў, спасылаючыся на непразрыстасць працэдуры падліку і вышэйпазначаныя парушэнні. Абласная выбарчая камісія павінна разгледзіць скаргу ў сераду, 15 верасня.

Пераможцам галасавання па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86, паводле афіцыйных дадзеных, стала намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольга Петрашова з вынікам у 55,5%. Другое месца заняў Іван Вараб’ёў, дырэктар дарожна-будаўнічага трэсту №3 з вынікам у 27,3%.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў