У Магілёве абвясцілі «Чалавека года» і «Падзею года».

Найбольш важным у 2016 магілёўцы палічылі пашырэнне беларушчыны і барацьбу з “падаткам на дармаедства”. 

28 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


«Чалавекам года» па версіі «Грамадскага магістрата» стаў кіраўнік гарадзкой суполкі ТБМ, экскурсавод Алег Дзьячкоў. «Падзеяй года» назвалі збор подпісаў за адмену Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Узнагароджанне адбылося пасля заканчэння міжнароднай навуковай канферэнцыі “Ад Магдэбургскага права да сучаснага самакіравання», якую «Грамадскі магістрат” праводзіў сумесна з «Магілёўскім моладзевым цэнтрам» і «Фондам імя Льва Сапегі».


– 28 студзеня 1577 года Магілёў атрымаў Магдэбургскае права. Апошнія 21 год мы праводзім што-небудзь у гэты дзень. Мы віншавалі дэпутатаў, праводзілі вулічныя акцыі, раздавалі ўлёткі. Пасля гэтага аднойчы я расказваў міліцыянтам, якія затрымалі нас, што такое Магдэбургскае права. Зараз мы можам дазволіць сабе знаходзіцца ў гасцініцы “Магілёў” і праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. У гэты дзень на працягу вось ужо пяці гадоў мы аб’яўляем «Чалавека» і «Падзею года» па версіі «Грамадскага магістрата». Мы прыдумалі схему конкурсу, за якую мне, як нацыянальнаму каардынатару кампаніі «Правы выбару», не сорамна, – сказаў у сваім выступе кіраўнік “Магістрата” Аляксандр Сілкоў.

 

Па ягоных словах, лепшыя студэнты-сацыёлагі МДУХ прааналізавалі 21 СМІ, пасля чаго прадставілі імёны людзей і назвы падзей, які выклікалі найбольшы рэзананс у 2016 годзе. Потым праводзілася адкрытае галасаванне на сайце 6TV.by. Апошнім этапам вызначэння пераможцаў стала паседжанне экспертнай камісіі.

«Падзеяй года» па выніках конкурсу стаў збор подпісаў за адмену «падатку на дармаедства». Ўзнагароду выйшаў атрымліваць адзін з кіраўнікоў ініцыятывы, лідэр АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў.

– Пасля такога рашэння грамадскасці Магілёва, яны не могуць не адмяніць гэты дэкрэт. Ці ён. Разам мы даможамся адмены гэтага закона, – заявіў палітык.

«Чалавекам года» магілёўцы прызналі старшыню гарадской суполкі ТБМ, экскурсавода Алега Дзьячкова “за арганізацыю імпрэзаў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы і культуры”. Ён не змог прысутнічаць на мерапрыемстве, таму ўзнагароду замест яго атрымалі калегі з ТБМ, якія абяцалі перадаць дыплом ўладальніку.

Акрамя Алега Дзьячкова, на званне “Чалавек года” па версіі “Грамадскага магістрата” у гэтым годзе прэтэндавалі палітыкі Уладзімір Шанцаў і Ігар Барысаў, грамадскія актывісты Дзяніс Васількоў і Леанід Платоненка, эколаг Ганна Скрыган, а таксама Галіна Турандзіна і Ганна Самойленка, якія «праявілі цвёрдасць пры адкрыцці беларускамоўнага класа». Раней ад удзелу ў конкурсе публічна адмовіўся праваабаронца Валадар Цурпанаў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў