У Магілёве абмеркавалі будучы кодэкс дзейнасці праваабаронцаў

Мясцовыя абаронцы правоў чалавека сабраліся ў грамадскім цэнтры «Кола» для абмеркавання праекта этычнага зводу правілаў.

9 лютага. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Ігар Лазоўскі


Прадстаўнікі Беларускага дакументацыйнага цэнтра і Беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Агеева, Раіса Міхайлоўская і Уладзімір Яворскі 9 лютага прадставілі магілёўскім праваабаронцам варыянт магчымага кодэкса. Па словах гасцей, дакумент неабходны, каб пазбегнуць супярэчнасцяў паміж людзьмі, уцягнутых у сферу абароны правоў чалавека.

Раіса Міхайлоўская прайшлася па асноўных прынцыпах, якія прапануецца ўнесці ў кодэкс. Сярод іх: прыхільнасць універсальнасці правоў чалавека, адкрытасць, празрыстасць і аб’ектыўнасць, бясплатная дапамога, некамерцыйны характар ​​дзейнасці і іншыя.

Палеміку выклікала пытанне аб тым, ці можа праваабаронца адначасова займацца палітычнай дзейнасцю:

– У вялікіх гарадах з гэтым прасцей, але ў маленькіх райцэнтрах адзін і той жа чалавек часцяком з’яўляецца членам некалькіх арганізацый, у тым ліку праваабарончай, палітычнай ці грамадскай. І не толькі па-свайму жаданні – у такой мясцовасці проста ніхто не хоча больш падобным займацца, – заўважыў праваабаронца і журналіст з Крычава Сяргей Няроўны.

Сябра партыі БСДП (Грамада) і праваабаронца Алена Барысава сказала, што палітычныя партыі часта маюць агульныя мэты з праваабарончай супольнасцю. Паводле яе слоў, да таго часу, пакуль партыя ці грамадскі рух не прыйшлі да ўлады, яны могуць выконваць, у тым ліку, і функцыі абароны правоў чалавека. У выніку спрэчкі ўдзельнікі мерапрыемства сышліся на тым, што адзін і той жа чалавек можа знаходзіцца ў розных арганізацыях, але не можа адначасова займаць у іх кіруючыя пасады.

Дыскусійным выйшла пытанне аказання дапамогі людзям, якія не падзяляюць агульныя прынцыпы правоў чалавека.

– Часам за дапамогай звяртаецца чалавек, які стаіць на пазіцыях, зусім адрозных ад праваабарончых. І мы дапамагаем яму, улічваючы ўніверсальнасць правоў чалавека. Аднак дзе гарантыя, што гэты чалавек не зробіць заўтра брыдоту? – выказаўся магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Абмеркаванне праблемы выйшла бурлівае. Грамада так і не прыйшла да высновы, якая б задаволіла ўсіх.

У наступныя тры гадзіны праваабаронцы паспелі агаварыць дзясяткі пунктаў. Па выніках было прынята рашэнне ўнесці некаторыя змены ў тэкст патэнцыйнага кодэкса, пасля чаго ўсе ўдзельнікі сустрэчы зноў змогуць з ім азнаёміцца.

Магілёў стаў другім абласным цэнтрам, дзе прайшла такая сустрэча. Раней Тацяна Агеева, Раіса Міхайлоўская і Уладзімір Яворскі паспелі абмеркаваць этычныя прынцыпы працы праваабаронцаў з гомельскімі калегамі. Наступным горадам пасля Магілёва стане Віцебск.

Сустрэча ў Магілёве прайшла пры садзейнічанні магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна”.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў