У магілёўскім дэбат-клубе ўпершыню за доўгі час правялі дыскусію

У грамадскім цэнтры «Кола» сацыял-дэмакраты палемізавалі з членамі дэбат-клуба пра фемінізм.

3 сакавіка. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


Арганізатары пазначылі тэму дэбатаў як «Негатыўныя наступствы барацьбы за раўнапраўе: ці прывёў фемінізм да змены сацыяльных роляў». За фемінізм выступілі члены беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Дзмітрый Люнтаў, Ганна Шкадун і Мікіта Фартух. Іх апанентамі былі члены магілёўскага дэбат-клуба Мікалай Сувораў, Зміцер Тоўсцік і Раман Казакоў.

Па правілах, кожны з удзельнікаў атрымаў па 5 хвілін на уступнае слова, пасля чаго бакі прыступілі да перакрыжаваных пытанняў. Потым шанец ўкалоць кожную з каманд атрымалі гледачы – гэтая частка дыскусіі атрымалася найбольш гарачай. Да канца дэбатаў мадэратар выдаліла адразу двух чалавек з каманды, якія адстойвалі пазіцыю супраць фемінізму, і яшчэ аднаго – з другога боку.  

Па выніках галасавання гледачоў перамогу атрымалі сацыял-дэмакраты – за іх прагаласавала амаль 80% гледачоў. У сваіх выступах Люнтаў, Шкадун і Фартух патлумачылі, што фемінізм – гэта адна з формаў барацьбы за раўнапраўе і да змены сацыяльных роляў не прыводзіць.

– Мужчына так і застаўся мужчынам, а жанчына так і засталася жанчынай. Але яны павінны быць роўныя па праву, – сказаў у заключным слове Дзмітрый Люнтаў.

У канцы слова далі «захавальніку традыцый дэбат-клуба» Аляксандру Буракову:

– Сёння мы ўпершыню за доўгі час пабачылі дэбаты і, трэба сказаць, амаль усё трэба пачынаць зноўку. Дыскусія праходзіла дзесьці нават сумна, аргументацыя многіх удзельнікаў была не настолькі магутнай, як хацелася б. Практычна не было прывязкі да тых умоў, у якіх мы знаходзімся прама тут і цяпер, нейкіх мясцовых прыкладаў. Пры гэтым шмат каму з палітыкаў і грамадскіх актывістаў уменне ўдзельнічаць у дэбатах неабходна. Сённяшняя дыскусія паказала, што патрэба ў палеміцы існуе.

Даведка: Магілёўскі дэбат-клуб утварыўся ў сярэдзіне 90-х гадоў і дзейнічае з перапынкамі да сённяшняга часу. У розны час яго ўдзельнікамі станавіліся палітык Алесь Сілкоў, праваабаронцы Валадар Цурпанаў і Валдзіс Фугаш, а таксама іншыя прыкметныя магілёўскія грамадскія дзеячы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў