У Магілёўскай вобласці з’явіўся вязень сумлення

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала палітвязня Дзмітрыя Паліенку, які адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі, вязнем сумлення.

25 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У 2016 годзе суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў Дзмітрыя Паліенку вінаватым у «гвалце альбо пагрозе гвалтам ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў», у адпаведнасці з артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавачванні звязаныя з велапрабегам, які адбыўся ў Мінску 29 красавіка 2016 года з мэтай мірнага пратэсту супраць абмежаванняў правоў раварыстаў.

Паводле інфармацыі праваабарончых арганізацый, якія назіралі за мерапрыемствам, неўзабаве пасля яго пачатку супрацоўнікі міліцыі спрабавалі спыніць прабег, выкарыстоўваючы непатрэбную і празмерную сілу супраць яго ўдзельнікаў. Шэраг веласіпедыстаў былі кінутыя ў міліцэйскую машыну, дзе, як яны сцвярджаюць, іх збівалі і прымушалі ляжаць на падлозе, пры гэтым іх ровары кінулі ім на спіны і прымусілі ляжаць аж да прыбыцця ў аддзяленне міліцыі.

Дзмітрыя Паліенку абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку супрацоўніку міліцыі. Ён быў адзіным удзельнікам прабегу, супраць якога была ўзбуджаная крымінальная справа. Да суда, які адбыўся ў кастрычніку 2016 года, ён на працягу пяці месяцаў знаходзіўся ў зняволенні. У ходзе судовага працэсу супрацоўнік міліцыі прызнаў, што ён не ўпэўнены, што яго куртку сапраўды парваў Дзмітрый Паліенка, а іншыя сведкі не змаглі даць супраць яго паказанні.

Незадоўга да суда яму было прад’яўлена дадатковае абвінавачанне ў «вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» ў адпаведнасці з артыкулам 343, часткай 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Дзмітрый Паліенка быў прызнаны вінаватым па абодвух артыкулах і быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Ён абскардзіў рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе, але прысуд быў пакінуты ў сіле 27 снежня 2016 года.

7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку прысуду на два гады, які ў выніку ўступіў у сілу. Улічваючы час, які Дзмітрый Паліенка ужо правёў у зняволенні, ён павінен быў адбыць у зняволенні 18 месяцаў і тры дні.

Amnesty International прызнала, што Дзмітрый Паліенка стаў ахвярай пераследу з боку ўладаў з-за яго мірнай дзейнасці і, такім чынам, з’яўляецца вязнем сумлення. Amnesty International заклікала беларускія ўлады вызваліць палітвязня.

Падтрымаць Дзіму Паліенку можна лістом па адрасе:

ПК-2, атрад № 9.
вул.
Сікорскага, 1, г. Бабруйск
Магілёўская вобласць, 213800

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў