На магілёўскую акцыю пратэсту прыйшлі ў асноўным ціхары і журналісты (ФОТА і ВІДЭА)

Абодва бакі забаўляліся, здымаючы адзін аднаго.

26 сакавіка. Магілёў. Вул. Ленінская, 29. Ігар Лазоўскі


Анансаваная па ўсіх гарадах Беларусі акцыя пратэсту супраць Дэкрэта №3 у Магілёве прайшла непрыкметна. У адрозненне ад масавых мітынгаў 19 лютага і 15 сакавіка, 26 сакавіка ніхто не ўзяў на сябе функцыі каардынатара, з-за чаго дакладнае месца правядзення да апошняга было невядома. Некалькі дзесяткаў чалавек прыйшлі да дому №29 па вуліцы Ленінская, дзе праходзілі дзве папярэднія акцыі. З самага пачатку за імі назіралі людзі ў аднолькавай цывільнай вопратцы. Некаторыя з іх вялі відэаздымку.

Ўлады вырашылі перастрахавацца і адправілі на акцыю значныя сілы. Па падліках назіральнікаў, у дварах вакол месца правядзення мітынгу засяродзіліся мінімум 7 мікрааўтобусаў без апазнавальных знакаў. У трох з іх знаходзіліся супрацоўнікі АМАП.

На месцы правядзення самой акцыі ў розны час знаходзілася да 20 «ціхароў». Двое з іх здымалі людзей, не саромеючыся падыходзіць з камерай ва ўпор. На месцы таксама прысутнічалі намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін і намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магаблвыканкама Сяргей Волкаў, які кіраваў захопам удзельнікаў Марша недармаедаў 15 сакавіка.

Людзі, якія сабраліся вырашылі не групавацца ў адным месцы і стаялі невялікімі купкамі па 3-5 чалавек. Ніхто не адважыўся выступіць з трыбуны. Некаторыя з іх далі каментары СМІ, у якіх асудзілі затрыманні ў Мінску і ў іншых гарадах. Не дачакаўшыся развіцця акцыі, усе пакінулі вуліцу праз гадзіну пасля пачатку. Затрыманняў падчас і пасля акцыі назіральнікі не зафіксавалі.

 

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў