Магілёўская тэлерадыёкампанія без дырэктара ўжо больш за месяц. Няма каго ставіць?


СОЦЫУМ / Tuesday, May 15th, 2018

Пасля сыходу Ірыны Акуловіч на БелТА, ТРК “Магілёў” так і не набыла новага кіраўніка. Магчыма, што адна з прычын – адсутнасць падыходзячых кандыдатур.

15 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – vk.com/tvrmogilevby


Былая кіраўніца тэлерадыёкампаніі “Магілёў” Ірына Акуловіч 5 красавіка была прызначана дырэктарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва. З таго часу ТРК фактычна жыве без начальніка. Працуюць толькі галоўны рэдактар ТБ Андрэй Скарабагатаў і галоўрэд “Радыё Магілёў” Ніна Міхнова.

Як правіла, начальніка, які пайшоў на павышэнне, павінен змяніць яго намеснік – у дадзеным выпадку ў гэтым амплуа знаходзіцца Скарабагатаў. Аднак у Магілёўскім аблвыканкаме, дзе курыруюць дзейнасць ТРК, па нашай інфармацыі, не ўпэўненыя, што Скарабагатаў зможа “пацягнуць” ўзровень тэлерадыёкампаніі.

Пры тым, што менавіта ён лічыцца асноўным прэтэндэнтам на пост, чыноўнікі лічаць, што ён не валодае дастатковым аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў ТРК, у прыватнасці – радыё.

Акрамя Скарабагатава ў якасці патэнцыйнага кандыдата разглядаюць аднаго са спецыялістаў аддзела ідэалогіі, культуры абласнога выканаўчага камітэта.

У той жа час, яму можа не даставаць тэхнічнага вопыту, які быў у той жа Акуловіч, якая прайшла шлях ад простага карэспандэнта да кіраўніка ТРК.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *