«Трэба разбураць тую бурбалку, у якой нам зручна знаходзіцца»

У Магілёве журналістаў і актывістаў вучылі ўзаемадзейнічаць адзін з адным.

17 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA 17 лютага правялі сумесны прэс-клуб для рэгіянальных журналістаў і актывістаў.

На думку арганізатараў, СМІ часам абдзяляюць увагай дзейнасць грамадскіх актывістаў, з-за чаго ў медыяполі не хапае інфармацыі пра цікавыя і важныя праекты.Пры гэтым актывісты самі часта не могуць прадставіць інфармацыю такім чынам, каб зацікавіць журналістаў.

Падзяліцца досведам ўзаемадзеяння пагадзіліся галоўны рэдактар мінскага анлайн-часопіса citydog.by Сяргей Сахараў, кіраўнік праекта mogilevnews.by Дзмітрый Ляпейка і старшыня гарадскога аддзялення ТБМ ім. Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў. Паслухаць іх прыйшло каля дваццаці журналістаў і грамадскіх актывістаў з Магілёва і раённых цэнтраў.

Першым выступіў Сяргей Сахараў:

– Тэму грамадскіх актывістаў мы яшчэ пару гадоў таму нават не закраналі. Мы бачылі, што людзям нецікава пра гэта ўсё чытаць, якімі б важнымі нам не здаваліся падзеі ці ініцыятывы. Аднак з часам мы ўбачылі, што цікавасць з’яўляецца. Людзям сталі неабходныя гісторыі поспеху, калі чалавек мяняе навакольную прастору і людзей, – сказаў Сахараў. – З цягам часу стала зразумела, што ў тым жа Мінску хапае людзей, чыя дзейнасць выклікае цікавасць. Галоўнае – знайсці іх. На жаль, і журналісты, і актывісты ў Беларусі знаходзяцца ў сваіх невялікіх кампаніях, у сваіх бурбалках і могуць не датыкацца адзін аднаго. Каб выйшаў цікавы матэрыял, карысны і СМІ, і актывісту, трэба разбураць тую бурбалку, у якой нам зручна знаходзіцца.

Галоўрэд citydog.by парэкамендаваў бакам часцей мець зносіны і чуць адзін аднаго. Па словах Сяргея Сахарава, лепшае супрацоўніцтва атрымліваецца тады, калі інтарэсы супадаюць у СМІ, актывістаў і бізнесу.

– Сёння бізнэс бачыць усё больш карысці ў мецэнацтве. У першую чаргу, гэта датычыцца сферы IT. Медыя могуць быць праваднікамі паміж ініцыятывамі і бізнэсам, што будзе выгадна ўсім. Гэта магчыма. Хоць чым далей ад Мінска, тым больш складана знайсці агульную мову, – панаракаў журналіст.

Адной з праблем, якія перашкаджаюць актывізму і медыя знайсці агульную мову, з’яўляецца жаданне актывістаў прасоўваць сябе, а не сваю ініцыятыву. Такое меркаванне выказаў лектар Дзмітрый Лепейко. Пасля ён коратка прэзентаваў сваё СМІ – інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці», у якім ён адказвае за развіццё інтэрнэт-партала mogilevnews.by. Па слова Ляпейкі, на сайце публікуюцца толькі навіны, таму актывістам часам цяжка прадставіць інфармацыю ў патрэбным фармаце.

– Нам часта дасылаюць прэс-рэлізы, у якіх у тэме ліста так і напісана «Прэс-рэліз», а файл азагалоўлены якім-небудзь словам з пятнаццаці літар. Вядома, такі ліст губляецца на агульнай пошце і ёсць вялікая верагоднасць, што яго нават не адкрыюць. Пры гэтым мы сочым за тым, што адбываецца ў горадзе, і як толькі намячаецца штосьці важнае, мы стараемся зрабіць з гэтага навіну, – сказаў Ляпейка.

Сярод аўдыторыі знайшліся людзі, якія раскрытыкавалі mogilevnews.by за тэндэнцыйнасць.

– Хіба надрукуеце вы матэрыял пра ініцыятыву, якая незадаволеная дзеяннямі ўладаў ці выступае з іх крытыкай? – пацікавіўся актывіст Леанід Платоненка.

Кіраўнік mogilevnews.by адказаў, што для партала няма забароненых матэрыялаў і яны гатовыя публікаваць усе, што палічаць патрэбным

– Для нас галоўная ўмова – цікавасць аўдыторыі, – заявіў журналіст.

Апошнім досведам ўзаемадзеяння са СМІ падзяліўся старшыня ТБМ Алег Дзьячкоў. Ён распавёў пра тое, наколькі наладжаны кантакт з медыя ў яго арганізацыі і падзяліўся парадамі, як дамагчыся найлепшых адносін да сваёй ініцыятывы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў