«Радыё Магілёў» і тэлеканал «Магілёў-2» сталі партнёрамі для расійскага мерапрыемства, а вось «Беларускую дыктоўку» дзяржаўныя і калядзяржаўныя СМІ у свой час праігнаравалі.

18 красавіка. Магілёў. Васіліса Курканава


13 красавіка «Татальную дыктоўку» у Магілёве правяло грамадскае аб’яднанне “Спадчына”, якая перыядычна прадстаўляе наш горад на мерапрыемствах з прарасійскім кантэкстам смаленскага Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў. Гэта ўжо чацвёртае падобнае мерапрыемства за апошнія гады ў Магілёве.

Через кого приходит в Могилев «русский мир» под видом «Союзного государства»

Сярод арганізатараў акцыі па папулярызацыі рускай мовы, як было пазначана ў анонсе “Спадчыны”, – дзяржаўная радыёстанцыя “Радыё Магілёў”, магілёўскае гарадское тэлебачанне “2 канал”, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску. Вось як заяўлены банары партнёраў акцыі.

Удзельнікі акцыі, якая прапагандуе рускую мову ў свеце, ахвотна фатаграфаваліся на фоне банараў «Рассупрацоўніцтва». Прыкладам, вось эксперты сусветнай акцыі «Татальная дыктоўка» у горадзе Магілёве – філолагі кафедры «Гуманітарныя дысцыпліны» Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Алена Шарапава і Галіна Сагіева.

Фота vk.com/naslediem

Сусветная акцыя ў падтрымку рускай мовы, якая ахапіла 80 краін, пачалася 13 красавіка з напісання ўласна дыктоўкі. У Магілёве яна была праведзена ў Беларуска-Расійскім універсітэце, дзе працуе кіраўнік ГА “Спадчына” Віталь Арцёмчык.

16 красавіка вынікі “магілёўскай пляцоўкі” былі загружаны на афіцыйны сервер сусветнай акцыі, і толькі 18 красавіка былі выстаўлены ацэнкі.

Тэкст дыктоўкі ўжо які год запар запрасілі чытаць Наталлю Глушкову – вядоўцу праграм «Радыё Магілёў». Вядома, што яна нарадзілася ў расійскім Арле. Паводле слоў некаторых супрацоўнікаў радыёстанцыі, у яе дагэтуль расійскі пашпарт і аформлены дазвол на жыхарства ў Беларусі. На фота яна – крайняя злева з Віталём Арцёмчыкам.

Фота vk.com/naslediem

На афіцыйнай старонцы акцыі, грантавую падтрымку якой аформілі расійскі Фонд прэзідэнцкіх грантаў і фонд «Рускі свет», а стратэгічную – Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў, была створана адмысловая старонка Магілёва. Там і будуць падведзены вынікі. Выглядае яна вось так:

Фота totaldict.ru

Нагадаем, падобная акцыя, толькі ў падтрымку беларускай мовы, прайшла ў Магілёве 24 лютага, у міжнародны Дзень роднай мовы пад назвай «Беларуская дыктоўка-2019».

Партнёрамі беларускага мерапрыемства сталі толькі Дварэц культуры вобласці, які прадставіў пляцоўку, і «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» (ТБМ).

Ніякіх «празмернасцяў», апроч сціплага банара ТБМ, у зале нічога заўважана не было.