“Білі па геніталіях, пагражалі засунуць швабру ў анал”.


ПРАВААБАРОНА / Wednesday, October 10th, 2018

Магілёвец заяўляе аб катаваннях з боку магілёўскай міліцыі.

9 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Раней Аляксандр Кускоў жыў у Магілёве. Аднак у 2015 годзе ў яго жыцці здарыліся вялікія перамены – яго абвінавацілі ў зьбіцці міліцыянта і асудзілі на два гады калоніі. Цяпер ён жыве ў Быхаўскім раёне. У Магілёў рэгулярна прыязджае на працу. Тады ж, у 2015 годзе, успамінае Аляксандр, ён падвергнуўся жахлівым катаванням з боку супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС.

– Мы разам з маці майго дзіцяці Н. знаходзіліся у пастарунку №9 г. Магілёва. Супрацоўнік міліцыі Павел Ляўкоў запатрабаваў, каб Н. дала тлумачэнні з нагоды свайго цялеснага пашкоджання. Яна адмаўлялася. Тады ён пачаў нахабна і дзёрзка патрабаваць, каб яна дала тлумачэнні. Я не вытрымаў, і ў нас адбылася бойка, распавядае Аляксандр.

Гэта было ў ноч 7 на 8 жніўня 2015 года. У пастарунак прыехаў нарад АМАП. Па словах Кускова, на яго надзелі кайданкі і завялі ў іншы пакой.

Мяне пачалі біць, прычым цэліліся па геніталіях. Хоць трапляла па ўсім целе. Затым ўзялі швабру, рэзка сарвалі з мяне шорты і сталі пагражаць, што засунуць яе ў анал. Я сказаў, што калі яны так зробяць, то любая экспертыза потым гэта пакажа. Толькі пасля гэтага яны адмовіліся. Пачалі біць яшчэ і швабрай. Ўдзельнічалі і амапаўцы, і ўчастковы, успамінае Кавалкаў.

Н. бачыла, што Аляксандра б’юць, аднак першапачаткова адмовілася гэта прызнаваць. Толькі пасля двух гадоў у калоніі, калі мужчына выйшаў на волю і сустрэўся з дзяўчынай, ён даведаўся, чаму яна не сказала пра катаванні на судзе па ягонай справе. Паводле яго слоў, на Н. націснулі і прыгразілі турмой.

Падчас збіцця з 7 на 8 жніўня Аляксандру вельмі моцна пашкодзілі вушы. Як ён патлумачыў, адзін з міліцыянтаў моцна ляпнуў па іх далонямі. Чацвёра сутак пасля збіцця ён правёў пад арыштам. Затым яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Адразу пасля гэтага ён адправіўся здымаць пабоі.

У выпісцы з медыцынскай карты Магілёўскай паліклінікі №6 сказана, што 13 жніўня, у Кускова дыягнаставалі ушыб мяккіх тканін галавы. Далейшыя агляды лекараў пацвердзілі перфаратыўны сярэдні атыт злева з-за траўмы. 27 жніўня 2015 года Аляксандру зрабілі аперацыю – мірынгапластыку.

– Тады я быў у шоку і не ведаў, што мне рабіць. Юрыдычна я не зусім пісьменны, – наракае Аляксандр.

Нягледзячы на гэта, ён напісаў заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце збіцця ў пастарунку.

28 верасня Кускова зноў затрымалі па справе аб збіцці супрацоўніка міліцыі.

Патэлефанаваў следчы Мінкін, сказаў, каб я падышоў ў Следчы камітэт. Да гэтага я пісаў заяву аб змене следчага, таму што Мінкіну не давяраў. Я яму адказаў, што прыйду, але толькі пры ўмове, калі я пры гэтым напішу яшчэ адну заяву аб змене следчага. Гэта было каля дзесяці раніцы. Прайшло хвілін 20, пастукалі ў дзверы. Калі адкрылі, уваліліся трое супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС. Аднаго з іх, як я даведаўся, клічуць Ягор Шашкоў. Паглядзелі кватэру. Убачыўшы, што майго бацькі тады не было і была толькі дзяўчына, заламалі мяне.

Аляксандр пачаў вырывацца і прасіць апрануцца. За гэтым, кажа ён, пайшло збіццё. Пазней да іх дадаліся пагрозы.

– Калі ўжо ехалі ў машыне, мяне пару разоў ударылі і параілі быць больш згаворлівым са следчым. А калі я не пагаджуся, маўляў, то яны мяне вывязуць у Любужскі лесапарк і там “адбуцкаюць”. Усё гэта матам. Яшчэ пагражалі наркотыкі падкінуць.

Пасля гэтага яго змясцілі ў магілёўскі СІЗА. У гэты ж дзень, 28 верасня, аператыўныя работнікі магілёўскай турмы №4 узялі тлумачэнні наконт паходжання травмаў, якія былі дакументальна зафіксаваныя работнікамі медсанчасткі. Пасля ўсе матэрыялы былі накіраваныя ў Кастрычніцкі РАУС з сыходзячым нумарам №40/1845. Аднак на скаргі ніхто не адрэагаваў.

Зварот у пракуратуру ў кастрычніку 2015 года, па словах Аляксандра, таксама нічога не даў.

Яго прысудзілі да двух гадоў калоніі. Свой тэрмін Аляксандр Кавалкаў адбываў у мазырскай папраўчай калоніі. Там яму вопытныя сядзельцы параілі збіраць як мага больш папер і скардзіцца на міліцэйскае беззаконне. Ён зноў пачаў дзейнічаць, калі выйшаў на свабоду:

– На неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі я скардзіўся ва ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, адкуль скаргу перанакіравалі ва Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Адказ мне прыйшоў 21 сакавіка 2018 гады пад нумарам НП-34/2018. Звычайная адпіска.

Акрамя гэтага Кускоў ўзяў у Н. заяву на імя старшыні суда Кастрычніцкага раёна, у якім яна прызнаецца, што бачыла, як збіваюць Аляксандра.

2 кастрычніка гэтага года мужчына накіраваў зварот у Следчы камітэт, у якім папрасіў узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Таксама ён звярнуўся па дапамогу да праваабаронцаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *