Маці асуджанага падлетка Азіза Тагаева сцвярджае, што яе сын падвяргаецца ў выхаваўчай калоніі №2 ціску – у тым ліку па нацыянальнай і рэлігійнай прыкметах. Каб ён не патрапіў пад амністыю, на яго навешены ўжо тры спагнанні.

12 ліпеня. Бабруйск. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі рыэсурсамі, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Азіз Тагаеў – адзін з самых маладых вязняў, якія адбываюць тэрмін па артыкуле 328 КК Беларусі  («Незаконны абарот наркотыкаў»). На момант затрымання хлопцу было ўсяго 15 гадоў, ён вучыўся ў дзявятым класе сярэдняй школы. Яго кейс можа ўвайсці ў гісторыю Беларусі, як прыклад бязлітаснай расправы над непажаданым непаўналетнім.

Сям’я Тагаевых родам з Узбекістана, але ўжо доўгі час жыве ў Мінску. Сам Азіз з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Аднак знешнасць хлопца мае выразныя рысы выхадца з Сярэдняй Азіі, што, па сведчанню яго маці, выклікала перадузятае стаўленне да яго з боку кіраўніцтва бабруйскай ВК-2. Акрамя таго, Азіз быў выхаваны ў досыць рэлігійнай ісламскай сям’і, з-за чаго ў калоніі здарыўся самы першы канфлікт.

ЯК СТАНОВЯЦЦА ЗЛАЧЫНЦАМ

Усё пачалося крыху больш за год таму, калі міліцыя ўстанавіла, што адзін з сяброў 15-гадовага школьніка прапанаваў яму рабіць закладкі сінтэтычных наркотыкаў. Сам Азіз Тагаеў сведчыў, што на гэтую прапанову адказаў адмовай. Тады падставай для абвінавачвання стала перапіска ў мэсэнджэры смартфона хлопца – яна і была апублікаваная ў судзе.

Пры гэтым высветлілася, што ў парушэнне заканадаўства ператрус у кватэры, дзе ён пражываў з бацькамі, і першы допыт праводзіліся без прысутнасці яго законных прадстаўнікоў і нават без адваката. У жыллі ніякіх слядоў наркотыкаў знойдзена не было.

Тым не менш, Азіза разам з сябрам прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі, палічыўшы, што віна даказаная па ч.3 артыкула 328 (распаўсюд наркотыкаў групай асоб). У жніўні мінулага года ён быў этапаваны ў Бабруйск у адзіную ў краіне выхаваўчую калонію для непаўналетніх №2.

ПРЫГНЁТ ПА РЭЛІГІЙНАЙ ПРЫКМЕЦЕ

Па прыбыцці ў калонію праблемы ў хлопца пачаліся прама ў карантыне. Па словах маці хлопца Шахло (мае з сынам розныя прозвішчы, – рэд.), яго збілі аператыўныя супрацоўнікі. Яны пашкодзілі хлопцу калена. Маці даведалася пра гэта на спатканні, пасля чаго напісала скаргу ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП).

Прэсінг пачаўся з-за Карана, які быў у хлопца. Будучы мусульманінам па веравызнанні, хлопец вазіў з сабой гэтую кнігу, перададзеную яму бацькамі, «каб быць духоўна моцным». На той момант Віталь Котаў быў старэйшым ўпаўнаважаным аператыўнай групы калоніі для непаўналетніх. Менавіта ён у прысутнасці выхавацеля патрабаваў здаць Каран ў бібліятэку, як “не паложанаю” кнігу. Акрамя таго, улічваючы знешнасць хлопца, ён жа прыгразіў, што ў выпадку адмовы асуджаны, як «нярускі» і «ісламіст», можа быць аднесены да катэгорыі вязняў, схільных да радыкальных дзеянняў.

Каб было зразумела, з кім меў бравы супрацоўнік ДВП такую «мужчынскую размову», са згоды маці хлопца, мы публікуем яго пашпартнае фота. Нагадаем, на той момант юнаку было ўсё яшчэ 15 гадоў:

Хлопец Каран не аддаў. І гэты інцыдэнт меў нечаканы працяг – супрацоўнікі ВК-2 наклалі першае спагнанне на падлетка. Па іх версіі, ён адмыслова сам пашкодзіў сабе калена, каб не хадзіць на прабежкі і не працаваць.

Тут трэба адзначыць, што абавязкі начальніка калоніі ў гэты час – да верасня мінулага года – выконваў Генадзь Кураленка, які пазней звольніўся.

Новым начальнікам стаў Сяргей Маслюкоў, які досведу працы з дзецьмі не меў. Ён 18 гадоў жыцця аддаў шклоўскай ПК-17, а са снежня 2016 года і да пераводу ў Бабруйск працаваў начальнікам шклоўскай “хіміі” (ПУАТ №49). Віталь Котаў з яго прыходам быў падвышаны да пасады намесніка начальніка ВК-2.

БАБРУЙСКАЯ ВК-2 БАІЦЦА АГАЛОСКІ

У лістападзе мінулага года маці Азіза Тагаева упершыню звярнулася па дапамогу да праваабаронцаў. Яна паскардзілася на тое, што пасля збіцця ў калоніі яе сыну не прадастаўлялі медыцынскую дапамогу. І новы начальнік калоніі Сяргей Маслюкоў быў вельмі незадаволены скаргамі сям’і Тагаевых. Пры праверцы, арганізаванай ДВП, ён асабіста прысутнічаў на допыце Азіза і, па апавяданні маці, седзячы побач за сталом ціснуў нагой на ступню хлопца, каб той казаў правільныя рэчы, надыктаваныя яму загадзя.

Пасля ад’езду правяраючых ДВП Віталь Котаў адасобіўся з хлопцам у асобным пакоі і, па версіі бацькоў, стаў ўжываць да яго сілу. Дарэчы, жонка Віталя Котава – дачка былога начальніка аддзела папраўчага працэсу калоніі – працуе тут жа псіхолагам. Ён мог бы адправіць хлопца да яе на размову, але вырашыў інакш.

Вынікам разбіральніцтва стаў адказ ДВП, у якім бацькам паведамлена, што катаванняў у ВК-2 не было. Аднак Азіза Тагаева ўсё ж адправілі ў бабруйскую лякарню на абследаванне.

Сяргей Маслюкоў з узнагародай – медаль “За бездакорную службу” III ступені (Фота: mvd-din.by)

З гэтага моманту кожнае наведванне калоніі маці хлопца суправаджаецца настойлівым патрабаваннем да яе прыбраць з сеткі інтэрнэт паведамленні аб парадках, што пануюць у бабруйскай ВК-2, інакш, як абяцаюць супрацоўнікі, «будзе толькі горш».

Азіз Тагаеў прыбыў у бабруйскую ВК-2 у жніўні мінулага года. 11 кастрычніка яму споўнілася 16 гадоў, і ўжо праз пару месяцаў ён атрымаў другое спагнанне. Узімку ён быў заўважаны ў зімовым абутку, які яму пакінуў асуджаны, што вызваляўся. Супрацоўнікі калоніі абвінавацілі Тагаева у тым, што, насуперак рэжымных правілаў, ён выменяў абутак на цыгарэты. За другое спагнанне хлопца пазбавілі кароткатэрміновых спатканняў і такім чынам адміністрацыя ўстановы, у назве якой ёсць слова «выхаваўчая», пазбавіла сябе ад выхавання маці.

Пра «выхаваўчы працэс», як яго разумее кіраўніцтва ВК-2, можа сведчыць наступны факт. Каля ўваходу ў сталовую калоніі была вывешаная намаляваная карыкатура, на якой пазнаваўся Азіз Тагаеў, які нібыта выменьвае абутак на цыгарэты. Гэты малюнак правісеў тры месяцы і ўсё асуджаныя задавалі яму пытанні, якія тычацца парушэння рэжыму. Нагадаем, гэтыя прэтэнзіі прад’яўляліся самаму юнаму вязню з боку хлопцаў, некаторыя з якіх ужо дасягнулі 21-гадовага ўзросту. Навошта для падлетка зладзілі маральны тэрор – застаецца толькі здагадвацца.

Шахло змагла ўбачыць свайго сына толькі 10 траўня падчас працяглага спаткання. Па яе словах, на той момант нішто не прадвяшчала бяды, а бацькі, якія аб’ядналіся ў рух «Маці 328», з надзеяй чакалі навінаў аб магчымай амністыі. Таксама не было праблем і 24 чэрвеня падчас кароткатэрміновага спаткання.

Аднак калі чуткі пра будучую амністыю сталі атрымліваць рэальныя абрысы, Азіз Тагаеў атрымаў раптам трэцяе спагнанне. І высветлілася, што ён па незразумелай прычыне аднесены да катэгорыі асуджаных з суіцыдальнымі схільнасцямі – магчыма, гэта следства «выхаваўчага працэсу». Трэцяе спагнанне было вынесена за разарваныя штаны.

Па версіі кантралёраў калоніі, Азіз Тагаеў наўмысна разарваў калашыну з-за таго, што яму стала горача. Сам Азіз у тэлефоннай размове распавёў маці, што асуджаныя «суіцыднікі» павінны звяртацца на пастраенне кожную гадзіну. Хлопец працаваў на прамзоне і, баючыся спазніцца на пастраенне, пабег і зачапіўся штанамі за нешта вострае.

Цяпер Азіз Тагаеў трапіў у разрад злосных парушальнікаў. Яго маці стала вядома 3 ліпеня, што доўгае спатканне ў канцы месяца з-за гэтага не адбудзецца. Хлопец яго пазбаўлены. Таксама тры спагнанні на працягу года пазбаўляюць яго права на амністыю. А адміністрацыя ВК-2 тым часам спісала каля 26 рублёў з рахунку хлопца, каб кампенсаваць порчу дзяржаўнай маёмасці ў выглядзе парваных зэкаўскіх штаноў.

ЗАМЕСТ ПОСТСКРЫПТУМА

Грамадская ўвага да таго, што адбываецца ў адзінай беларускай калоніі для малалетніх, выклікае паніку ў яе адміністрацыі. Усяго тры месяцы таму (21 сакавіка) стартавала кампанія тэрміновага дзеяння Amnesty International з патрабаваннем выконваць правы непаўналетніх у бабруйскай выхаваўчай калоніі №2. А ўжо ў канцы чэрвеня стала вядома, што Эміль Астраўко, чый кейс стаў паказальным для міжнароднай супольнасці, быў тэрмінова пераведзены без яго згоды ў дарослае ВК-2 Бабруйска.

Пераводу хлопца папярэднічаў візіт прадстаўніка UNICEF у Беларусі, падчас якога дзяржСМІ была растыражаваная інфармацыя аб тым, што офіс дзіцячага фонду ААН хоча прафінансаваць нейкія дзіўныя праекты ў бабруйскай дзіцячай калёніі.

На самай справе, гаворка ішла аб аднаўленчым правасуддзі для непаўналетніх. Падобна на тое, ДВП ня ўлоўлівае спецыфікі працы з падлеткамі, а яго супрацоўнікі разумеюць сваю функцыю толькі як карную.

Воспитательная колония №2: как живут подростки в месте на окраине Бобруйска, которое похоже на концлагерь

Руководство бобруйской колонии для несовершеннолетних пробует избежать ответственности? Срочно перевели парня, за которого вступились правозащитники