Ці зменіцца да лепшага жыццё вязняў – залежыць ад актыўнасці грамадзян. МУС абмежавалася паўмерамі.

5 лістапада. Магілёў. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» атрымалі абнадзейваючы адказ з Дэпартамента выканання пакаранняў. Раней яны накіравалі заяву на імя міністра ўнутраных спраў з просьбай выключыць з Правілаў унутранага распарадку (ПУР) папраўчых устаноў патрабаванне, якое прадпісвае ўсталёўваць на вокны камер металічныя шчыты-жалюзі (“вейчыкі”), якія ператварылі беларускія СІЗА ў сярэднявечныя вязніцы.

УМОВЫ У СІЗА – ПА-ЗА ЗАКОНАМ

Праваабаронцы хочуць выключыць супярэчнасці ў беларускім заканадаўстве. Міліцэйскія Правілы ўнутранага распарадку груба парушаюць санітарна-гігіенічныя нормы і, адпаведна, правы грамадзян на здароўе, гарантаванае Канстытуцыяй. Акрамя таго, выкарыстанне металічных загароджаў, якія пазбаўляюць вязняў дзённага святла, супярэчыць Мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі.

Міліцэйскае кіраўніцтва прыняла дваякае рашэнне: металічныя шчыты-жалюзі пакуль не абвешчаныя па-за законам, але інжынерныя прыстасаванні на вокнах павінны мяняцца ў бок паляпшэння. Каменем перапоны стаў пункт 45 ПУР, які раней абвяшчаў:

“45. На вокны камер усталёўваюцца металічныя зварныя рашоткі, а пры неабходнасці – шчыты-жалюзі. З боку камер вокны прыкрываюцца кратамі, якія выключаюць доступ да шкла…”.

Цяпер жа сітуацыя некалькі змянілася. Намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь Андрэй Дайліда паведаміў праваабаронцам, што “згодна з пастановай МУС ад 18.07.2019 года №197 у першы сказ пункта 45 раздзелу 11 ПУР унесеныя наступныя дапаўненніі іншыя альтэрнатыўныя інжынерныя загароджы, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне і адначасова забяспечыць надзейную ізаляцыю“.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў адзначае, што далей усё будзе залежыць ад актыўнасці грамадзян. Трэба кантраляваць, як начальства СІЗА і турмаў будзе рэагаваць на змены ў Правілах – гэта значыць, колькі “вейчыкаў” будзе зрэзана і што з’явіцца замест іх.

У будучыні, адзначае ён, стаіць задача заканадаўча забараніць прымяненне такіх канструкцый, як металічныя шчыты-жалюзі, пра якія неаднаразова пісаў магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE

Могилёвская тюрьма №4 и ООН. Как могилёвские правозащитники пробуют облагородить СИЗО

Характэрна, што Андрэй Дайліда спасылаецца на пастанову МУС №197, якая змяніла Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў яшчэ 18 ліпеня 2019 года. Знайсці яе сапраўды атрымалася, аднак Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь pravo.by апублікаваў яе толькі 24-га верасня . Змены ўступілі ў сілу з 25 верасня гэтага года.

АДЭКВАТНЫ МУС І НЕАДЭКВАТНАЯ ПРАКУРАТУРА

Перапіска паказала, як ні дзіўна, вельмі адэкватнае разуменне праблем з боку МУС і зусім бянтэжычы непрафесіяналізм работнікаў пракуратуры, сцвярджае Аляксандр Буракоў.

Беларуская пенітэнцыярная сістэма састарэла і маральна, і фізічна. Адказы, якія давалі чыноўнікі ДВП МУС на працягу паўгадавой перапіскі, паказвалі, што яны не супраць зменаў.

Але вось наглядны орган – пракуратура – раптам заняла супрацьлеглую пазіцыю.

Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал 24 верасня ўжо апублікаваў інфармацыю аб тым, што Міністэрства ўнутраных спраў унесла змяненні ва ўласную пастанову.

А пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк лістом ад 24 кастрычніка, гэта значыць, роўна праз месяц, напісаў у адказе праваабаронцам, што “абсталяванне камер магілёўскай турмы №4 адпавядае патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь“. А наступны яго абзац мы прывядзем цалкам:

З улікам праведзеных праверак, заключэнняў спецыялістаў УЗ “Медыцынская служба Дэпартамента фінансаў і тылу МУС па Магілёўскай вобласці”, адсутнасці зваротаў асуджаных на працягу шэрагу гадоў па пытанню недастатковай асветленасці камер турмы №4, падстаў для прыняцця мер па ўнясенню змяненняў, дапаўненняў у Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай МУС Рэспублікі Беларусь №174 ад 20 кастрычнiка 2000 г., няма“.

Зараз праваабаронцы накіравалі калектыўную скаргу на дзеянні пракурора Магілёўскай вобласці і яго намесніка ў адрас Генпракурора краіны. Замест таго, каб вырашаць калізіі і ўстараняць супярэчнасці ў беларускім заканадаўстве, яны дублявалі адпіскі. Аб сумнеўнай пазіцыі намесніка пракурора вобласці Сяргея Сільвановіча мы ўжо пісалі.

Знает ли закон зампрокурора Могилёвской области?

Цяжба выявіла новыя праблемы. Напрыклад, адзначае Аляксандр Буракоў, цэлы шэраг чыноўнікаў з самых розных сілавых ведамстваў раптам сталі ў адказах паўтараць кімсьці прыдуманую версію пра тое, што санітарнымі нормамі і правіламі не ўстаноўлены нормы натуральнай асветленасці для памяшканняў камернага тыпу. Да прыкладу, гэта сцвярджаў у сваім лісце, начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Віктар Дубавец.

Атрымліваецца, што ў турмах і СІЗА ўжо не дзейнічае беларускае заканадаўства? Або, трапіўшы ў турму, грамадзяне губляюць свае правы і становяцца людзьмі другога гатунку? Якія нормы дзейнічаюць у турме, калі кіраўнікі пенітэнцыярных установаў не лічаць патрэбным падпарадкоўвацца правілам, дзеючым на волі? Усе гэтыя пытанні патрабуюць тэрміновага адказу.