Участковы інспектар Мікалай Раеў зараз даведаецца, што такое «ўзмоцнены рэжым».

23 жніўня. Мсціслаў-Горкі. Ігар Лазоўскі


У лістападзе 2018 гадоў ў будынку Мсціслаўскага РАУС участковы інспектар міліцыі, малодшы лейтэнант Мікалай Раеў збіў двух затрыманых – беспрацоўнага Швядкова А.М. і індывідуальнага прадпрымальніка Купчына Н.А. Доказ гэтага апублікаваў блогер Сцяпан Святлоў, размясціўшы адпаведную зводку ў сваім телеграм-канале.

Мсціслаўскі міліцыянт збіў двух затрыманых. Яму пагражае да 10 гадоў турмы

Згодна з ёй, Раеў прычыніў абодвум мужчынам цялесныя пашкоджанні. Нягледзячы на тое, што інцыдэнт здарыўся яшчэ ў лістападзе, кантракт з міліцыянтам скасавалі толькі 6 лютага гэтага года. У сувязі са здарэннем Мсціслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў па ч. 3 арт. 426. Максімальны тэрмін зняволення па гэтым артыкуле – да 10 гадоў.

Паводле даведкі з сайта Мсціслаўскага раённага выканкама, Раеў абслугоўваў тэрыторыю Краснагорскага сельсавета.

Суд Горацкага раёна, дзе праходзіў працэс, прысудзіў Мікалаю Раеву тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміў тэлеканал БелСАТ. Таксама, ўжо былога міліцыянта пазбавілі звання. Ён мае права абскардзіць прысуд у Магілёўскім абласным судзе.