Супраць праваабаронцы Валадара Цурпанава завялі адміністрацыйную справу

26 траўня яго выклікалі позвай у Ленінскі РАУС.

26 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – Валадар Цурпанаў са сваячкамі (fb.com)


Магілёўскага праваабаронцу Валадара Цурпанава абвінавачваюць у ілжывым выкліку міліцыі пасля інцыдэнту ў гарадской пракуратуры, які адбыўся ў пачатку траўня. Цурпанаў хацеў аддаць сваю скаргу старэйшаму памочніку пракурора Віталю Маркаву ў ягоным кабінеце. Але той збіраўся выслухаць візіцёра ў фае ўстановы. Калі Цурпанаў запатрабаваў кнігу заўваг, дзяржслужачы ў адказ папрасіў паказаць пашпарт. Пасля непрацяглай спрэчкі праваабаронца выклікаў міліцыю. Адразу пасля гэтага яму прадаставілі кнігу заўваг. Праз нейкі час на Цурпанава склалі заяву аб адміністрацыйным правапарушэнні за ілжывы выклік міліцыі:

– Сёння быў у маёра Слаўнікава, які праводзіў апытанне і складаў пратакол. Заява на мяне паступіла ад інспектара Ленінскага РАУС, які прыйшоў на мой выклік у сувязі з адмовай старэйшага памочніка пракурора Маркава даваць кнігу заўваг па першаму патрабаванню. , – заявіў Цурпанаў.

Па словах праваабаронцы, сёння ён падаў довады на сваю карысць, у тым ліку і відэазапіс, на якім бачна, што ён патрабаваў кнігу заўваг некалькі разоў. Заўтра ў 15 гадзін дня яму зноў трэба падысці да маёра Слаўнікава, які павінен разгледзіць паказанні Цурпанава і ўдакладніць некаторыя моманты. Пасля гэтага будзе вырашана, ці будзе справа мець працяг, ці яе закрыюць.
Як адзначыў Цурпанаў, які змагаецца за выкарыстанне дзяржворганамі беларускай мовы, пратакол вёўся ў адпаведнасці з яго патрабаваннямі:

– У маёра Слаўнікава загадзя быў падрыхтаваны спіс пытанняў на беларускай. Раней, калі ён патэлефанаваў мне ў першы раз, у нас з ім адбылася спрэчка – пачуўшы маю гаворку, ён запатрабаваў, каб я перайшоў на рускую мову. Вядома, я адмовіўся – гэта маё права і закон на маім баку. І я адразу яго папярэдзіў, што пратакол, які будзе весціся на рускай мове, я падпісваць не буду. У выніку ён проста падрыхтаваўся загадзя, а я запаўняў пратакол сваёй рукой на маёй роднай мове.

Валадару Цурпанаву першапачаткова адмаўлялі ў яго праве збіраць і фіксаваць інфармацыю падчас допыту, аднак ён дамогся таго, каб весці дыктафонны запіс:

– Мне забаранілі праносіць ўнутр працуючы тэлефон. Аднак у мяне ёсць канстытуцыйнае права збіраць інфармацыю, асабліва калі яна тычыцца мяне. Дзякуючы ўласнай упартасці, я дамогся, каб мне спачатку дазволілі прайсці з уключаным тэлефонам, а затым і весці аўдыёзапіс. Так што весь працэс допыту ў мяне зафіксаваны, – сказаў праваабаронца.

MSPRING.ONLINE сочыць за развіццём падзей.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў