Суд над праваабаронцай Цурпанавым пройдзе 26 ліпеня

Нагадаем, што супраць яго заведзена адміністрацыйная справа за непадпарадкаванне міліцыі.

24 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Валадара Цурпанава затрымалі ў будынку гарадской пракуратуры 30 траўня па абвінавачванні ў непадпарадкаванні міліцыі – нібыта, праваабаронца адмовіўся паказваць пашпарт на пункце аховы, калі ўвайшоў. Амаль суткі пасля затрымання пра Цурпанава нічога не было чуваць, пакуль яго не даставілі ў будынак Ленінскага суда увечары 31 траўня. Яго павінны былі судзіць у той жа дзень, аднак працэс не адбыўся – суддзя Бекешава адправіла пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС.

9 чэрвеня перапрацаваны пратакол з дапаўненнямі Цурпанава вярнулі ў суд. 28 чэрвеня Валадара выклікалі ў Ленінскі РАУС, каб ён падрабязна растлумачыў факт яго выкрадання супрацоўнікамі міліцыі, як ён сам гэта назваў. Пры гэтым зрабіць копіі матэрыялаў справы яму забаранілі, у выніку чаго праваабаронцы прыйшлося зачытваць некаторую інфармацыю на дыктафон.

Пасля гэтага справу Цурпанава адпраўлялі на дапрацоўку яшчэ раз. Толькі з чацвертай спробы міліцыянтам удалось дасягнуць судовага разгляду.

Пасяджэнне адбудзецца ў судзе Ленінскага раёна 26 ліпеня ў 15.00. Сам праваабаронца у інтэрв’ю mspring.online раней адзначаў, што яму, хутчэй за ўсё, дадуць суткі з-за таго, што ён ужо паспеў правесці ноч у Ленінскім РАУС:

– Райаддзел міліцыі і суд апынуліся ў нязручным становішчы, бо я ўжо правёў суткі ў Ленінскім РАУС. Такім чынам, мне яны павінны «пакрыць» хаця б тое, што я ўжо адбыў. Можа, дадуць двое сутак.

Нагадаем, што раней адна з двух адміністрацыйных спраў супраць Валадара Цурпанава ўжо была спынена за адсутнасцю склада правапарушэння.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў