Журналіста Уладзіміра Лапцэвіча судзяць 29 чэрвеня

7 пратаколаў за 7 матэрыялаў у часопісе, які не выдаецца ў Беларусі: так, у Магілёве вырашылі вычварыцца над свабодай слова.

28 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


20 чэрвеня на Лапцэвіча склалі 7 асобных пратаколаў за кожны матэрыял у беластоцкім часопісе “Ніва”, якія былі апублікаваны ў тыднёвіку за апошнія два месяцы. 29 чэрвеня ў 16.00 у судзе Ленінскага раёна адбудзецца пасяджэнне па гэтай справе. Суддзёй на працэс прызначаная суддзя Алена Літвінава.

Лапцэвічу інкрымінуюць незаконны выраб прадукцыі СМІ. Журналіст публікаваўся ў замежным масмедыя без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі, што, на думку сілавікоў, з’яўляецца парушэннем.

Першапачаткова справа была распачата 5 траўня, аднак з-за адсутнасці доказаў Ленінскі РАУС прыпыніў яе. Працэс аднавіўся, калі падатковая інспекцыя прадставіла ў міліцыю копіі дэкларацый Лапцэвіча за ганарары, якія ён атрымаў у “Ніве”.

Журналіст не згодны з адмінпрацэсам, паколькі ён з’яўляецца толькі пазаштатным аўтарам, а не карэспандэнтам выдання.

Праваабаронцы угледжваюць у гэтай справе прамое парушэнне свабоды слова і заклікаюць усіх неабыякавых прыйсці ў суд, каб падтрымаць журналіста.

Яшчэ раз – 29 чэрвеня, суд Ленінскага раёна г. Магілёва, пачатак працэсу ў 16:00.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў