Суд на Цурпанавым працягнецца 27 ліпеня

У аўторак суддзя Літвіна пачала разгляд справы ў дачыненні да праваабаронцы і актывіста Валадара Цурпанава.

26 ліпеня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


26 ліпеня ў Ленінскім раённым судзе пачаўся працэс над актывістам Валадаром Цурпанавым. Яго абвінавачваюць у непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі.

– На гэтым пасяджэнні я агучыў, што адбылося ў той дзень, а таксама распавёў пра кантэкст маіх ўзаемаадносін з пракуратурай. Заўтра будуць дапытваць сведак. Суд прызначаны на 10:30, – паведаміў карэспандэнту MSPRING.ONLINE Валадар Цурпанаў.

У самым пачатку актывіст заявіў адвод суддзі, паведаміўшы, што суд і Ленінскі РАУС, які вядзе справу супраць яго, імкнуцца ўсімі сіламі зацягнуць час, каб скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці за ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне. Літвіна хадайніцтва адхіліла.

– Гэта першы выпадак у маім жыцці, калі я спрабую дамагчыся разгляду справы супраць мяне. З-за парушэння мноства працэсуальных нормаў, з-за некампетэнтнасці райаддзела, іх задача – як мага даўжэй цягнуць час, каб суд не выносіў прысуд, бо тады будуць відавочныя ўсе іх парушэнні, – сказаў Валадар Цурпанаў падчас перапынку ў калідоры суда.

Актывіст выказаў надзею, што заўтрашняе пасяджэнне будзе апошнім у гэтай справе.

Валадара Цурпанава затрымалі ў будынку гарадской пракуратуры 30 траўня па абвінавачванні ў непадпарадкаванні міліцыі – нібыта, праваабаронца адмовіўся паказваць пашпарт на пасадзе аховы, калі ўвайшоў. Амаль суткі пасля затрымання пра Цурпанава нічога не было чуваць, пакуль яго не даставілі ў будынак Ленінскага суда вечарам 31 траўня, аднак працэс не адбыўся – пратакол правапарушэння адправілі на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС. Пасля гэтага суд адпраўляў справу на выпраўленне яшчэ два разы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў