Суд над Андрэем Бандарэнкам. Прысуд – невінаваты

А 10-ай раніцы працягнуўся працэс над праваабаронцам, які мог стаць чарговым палітзняволеным у Беларусі.

30 сакавіка. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


Другі дзень працэсу па крымінальнай справе ў дачыненні да праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі пачаўся з зачытвання другога тома справы. Адвакат Вадзім Мушынскі хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы фотаздымкі з камеры, якая, на думку абаронцы, абвяргае факт пастаяннага ляжання на ложку з боку яго падабароннага.

Пры ўважлівым разглядзе нашай фатаграфіі можна ўбачыць, што Бандарэнка пакідаў спальнае месца. Нават без экспертызы відаць, па тэпціках, па іншых прыкметах. Дадзеная фатаграфія была атрымана з матэрыялаў справы па скарзе Бандарэнка на гэта спагнанне.

Суддзя Мазураў не пярэчыў.

Бок абвінавачвання, у сваю чаргу, чакаў выступу сведкі Лазоўскага – прадстаўніка адміністрацыі турмы. Ён павінен быць прыйсці яшчэ на першы дзень працэсу, аднак не з’явіўся ні 29, ні 30 сакавіка. Пракурор Сяргей Мінаў прыкметна занерваваўся, пасля чаго папрасіў перапынак на 5 хвілін. Па яго словах, сведка проста затрымліваецца недзе ў заторы.

Пакуль чакалі прыезду Лазоўскага, бок абароны заявіў некалькі хадайніцтваў. У прыватнасці, Андрэй Бандарэнка паведаміў, што ён не памятае, каб адзін са сведкаў працаваў у турме падчас аднаго са спагнанняў. Арыштант папрасіў выпатрабаваць з магілёўскай турмы афіцыйны дакумент, які б ці абверг, ці пацвердзіў бы гэты факт. Таксама праваабаронца звярнуў увагу на тое, што апошні сведка, якога дапытвалі ў судзе 29 сакавіка, сыйшоў без дазволу суда і бакоў падчас пяціхвіліннага перарыву. Ён папрасіў ізноў запрасіць яго. Усе хадайніцтвы былі суддзёй Мазуравым адхілены.

Пасля гэтага Бандарэнка заявіў, што ён не мае дастатковых магчымасцяў для абароны. Таму ён прасіў апытаць яго пры дапамозе паліграфа. Дзяржабвінаваўца задумаўся, павагаўся некалькі імгненняў, але папрасіў адхіліць і гэтае хадайніцтва, што суд падтрымаў. Таксама было адхілена хадайніцтва аб правядзенні следчага эксперымента.

Дзяржабвінаваўца Мінаў зачытаў довады, якія, на яго думку, пацвярджаюць віну праваабаронцы. Асобна ён згадаў той факт, што Андрэй Бандарэнка знаходзіцца на прафілактычным уліку, як асоба схільная да захопу закладнікаў і экстрэмізму. Для пракурора віна зняволенага была відавочнай – ён запатрабаваў даць Бандарэнка 1 год і 1 дзень зняволення ў калоніі строгага рэжыму за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў папраўчай установы.

Яго апанент заявіў, што справа ў тым выглядзе, у якім яна знаходзіцца, не можа быць асновай для крымінальнага пераследу.

– Мы бачылі, як блытаюцца ў сваіх паказаннях сведкі, што падчас следства яны давалі інфармацыю іншую ад таго, што яны казалі ў судзе. Няма аніякіх абставінаў, якія б пацвярджалі віну Андрэя Бандарэнкі.

Адвакат падрабязна спыніўся на кожнай несастыкоўцы ў паказаннях сведкаў. Таксама ён заявіў, што вынесеныя спагнанні не могуць расцэньвацца як злоснае непадпарадкаваньне. 

Вадзім Мушынскій адкрыта выказаўся пра падаплёку крымінальнай справы:

Бандарэнка не просты асуджаны. Магчыма, наяўнасць разнастайных скаргаў у інстанцыі, якія падаваў мой падабаронны падчас свайго зняволення і арышту выклікала негатыўную рэакцыю адміністрацыі папраўчай установы. Асуджанага, які змагаўся за свае правы, сёння спрабуюць выставіць злосным парушальнікам.

Сам Андрэй Бандарэнка ў сваім апошнім слове сказаў, што крымінальная справа па ст.411 ў дачыненні да яго была наканавана.

– Існуючая пенітэнцыярная сістэма – гэта сістэма падаўлення іншадумцаў, а не выпраўлення. Так было ўжо зроблена з маімі папярэднікамі Змітром Дашкевічам, Міколай Дзядком. З’яўленне арт. 411 было наканавана сістэмай. Ёсць паралель з 1937 годам, калі людзей трэба было яшчэ трымаць у турмах пасля таго, як яны адбылі свой тэрмін. Я лічу, што справа ў тым, што мы разам з паплечнікам Міхаілам Жамчужным стварылі праваабарончую арганізацыю “Платформа”, якая займалася правамі зняволеных і маніторынгам месцаў зняволення. У тым ліку, мы фіксавалі парушэнні ў тых калоніях і турмах, дзе ўтрымліваўся і працягваю ўтрымлівацца я.  Калі я трапіў туды, пачалася помста і ціск.

Суд заслухаў усе бакі і абвесціў перапынак да 16 гадзін.

У прызначаны час суддзя Сяргей Мазураў вынес нечаканае рашэнне – ён прызнаў Андрэя Бандарэнку невінаватым, паколькі не ўгледзіў у дзеяннях зняволенага злы намер. Мазураз палічыў, што іх нельга расцэньваць як злоснае непадпарадкаванне. Гледачы сустрэлі словы суддзі апладысментамі. Сам Бандарэнка паспеў сказаць, калі яго выводзілі з камеры, што для яго гэта радаснае і нечаканае рашэнне.

31 сакавіка праваабаронца вызваляецца з магілёўскай турмы №4. Дакладны час пакуль невядомы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў