Суд адмовіўся разглядаць скаргу на магілёўскія ўлады

Суддзя Аляксандр Бушкевіч не ўбачыў канкрэтыкі ў просьбах ачысціць Святое возера і спыніць будаўніцтва «трыумфальнай аркі».

11 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – Уладзімір Шанцаў


Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў заявіў, што суд Ленінскага раёна адмовіўся разглядаць па сутнасьці скаргу на дзеянні гарадскіх уладаў. Нагадаем, рэгіянальны лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі дамагаецца адмены будаўніцтва аркі на ўездзе ў Магілёў, каб  вызваліліся грошы і ўлады змаглі ачысціць Святое возера.

Звароты ў гарвыканкам і аблвыканкам плёну не далі, таму палітык адважыўся на судовае разбіральніцтва з гарадскімі ўладамі.

3 кастрычніка ён накіраваў скаргу ў суд Ленінскага раёна, у якой запатрабаваў спыніць ўзвядзенне аркі і выканаць калектыўную просьбу шасці з паловай тысяч чалавек аб ачыстцы вадаёма.

9 лістапада Уладзімір Шанцаў атрымаў адказ з суду, паводле якога ягоная скарга пакінутая без разгляду па сутнасці. Суддзя Аляксандр Бушкевіч заявіў, што палітык не пазначыў, якія дзеянні абскарджваюцца, што менавіта парушылі ўлады, а таксама якія канкрэтна правы палітыка былі парушаныя.

Зыходзячы з ліста, рашэнне пакінуць скаргу без руху было прынята яшчэ 16 кастрычніка. У той момант у Уладзіміра Шанцава было дзесяць дзён на выпраўленне дакумента, аднак ён сцвярджае, што яму ніхто ні пра што не паведаміў.

– Я кожны дзень зазіраў у паштовую скрыню, аднак нiчога не прыходзіла. У выніку прыйшлося самому звярнуцца ў суд, каб даведацца, што адказ мой дзесьці на пошце і што я павінен быў яго атрымаць. Чамусьці акурат тады, калі дзяржава шле нейкі адказ, пачынаюцца нейкія праблемы з поштай. Можа быць, адмыслова ўсё зрабілі так, каб не атрымалася нічога перарабіць, – падзяліўся меркаваннем палітык.

Стаўленнем суддзі Бушкевіча Шанцаў абураны: ён лічыць, што напісаў свае просьбы даволі канкрэтна:

– Я не ведаю, што незразумелага было ў скарзе настолькі, каб суддзя пакінуў яе без разгляду па сутнасці. Калі я аддаваў паперы ў суд, у мяне адмыслова папрасілі тэлефон для сувязі, каб удакладняць пытанні, калі яны ўзнікнуць. Дык чаму па тэлефоне нельга было пра ўсё сказаць? – дзівіцца абласной лідэр АГП.

Ён лічыць, што ўлады спецыяльна цягнуць час, каб не вырашаць праблему.

– Навошта шукаць грошы на возера, калі хутка зіма і яго зацягне лёдам, навошта чысціць яго? Лепш замест гэтага выдаткавацца яшчэ на мармуровыя бардзюры для рамонту маста па вуліцы Каралёва. Там і грошай можна будзе адпілаваць, – упэўнены Шанцаў.

У дадзены момант ён разам кансультуецца з праваабаронцамі, каб максімальна якасна падрыхтаваць скаргу для паўторнага звароту ў суд.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў