Суд адмовіўся прасіць прабачэння перад невінаватымі грамадзянамі

Хто вінаваты, калі вас пасадзілі на ноч у ізалятар часовага ўтрымання, пасля чаго двойчы судзілі і прызналі невінаватым? Як вынікае з адказу старшыні суда Магілёўскага раёна – ніхто.

Зміцер Здобнікаў, Аляксандр Хамратаў і Юры Гарбаценка трапілі пад разбіральніцтва пасля таго, як суддзя Магілёўскага раённага суда Станіслаў Леўчанка абвінаваціў іх у непавазе да суду, а пасля накіраваў па факсе ў Магілёўскае РАУС запыт затрымаць і абшукаць хлопцаў.

Хлопцаў затрымалі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ім давялося правесці ноч, пасля чаго іх чакала два судовыя пасяджэнні. Падчас апошняга суддзя Шведаў прызнаў, што ў іх дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння. Такім чынам, Здобников, Хамратов і Гарбаценка, па сутнасці, адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на суткі, быўшы невінаватымі.

Каб аднавіць справядлівасць, Юрый Гарбаценка звярнуўся да старшыні Магілёўскага раённага суда Клекаўкінай, каб суд афіцыйна папрасіў прабачэння ў газеце «Вячэрні Магілёў» – у гэтым СМІ галоўным рэдактарам працуе маці Станіслава Леўчанкі, газета часцяком становіцца пляцоўкай для крытычных выказванняў у бок праваабаронцаў ды мясцовых актывістаў..

– Складанне сакратаром судовага пасяджэння суда Магілёўскага раёна ў дачыненні да Вас пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 24.1 КаАП Рэспублікі Беларусь не пацягнула Вашага незаконнага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Сам факт вынясення суддзёй суда Ленінскага раёна г. Магілёва пастановы аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Вас па арт. 24.1 КаАП Рэспублікі Беларусь у сувязі з адсутнасцю ў дзеянні складу адміністрацыйнага правапарушэння не пацвярджае вінаватасці дзеянняў работнікаў суда і абавязку прынесці прабачэнні. Прадугледжаных законам падстаў для прынясення раённым судом выбачэнняў не маецца, – напісала ў адказ на скаргу Клекаўкіна.

– Сакратар Магілёўскага раённага суда на нашым пасяджэнні сама распавяла па чыёй ўказцы ёю быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, што сведчыла на карысць незаконнасці яго складання, бо ні суддзя, ні сакратар не маглі прымаць удзел у судовым працэсе, па колькі ён нават не пачаўся. Па сутнасці, у нашых дзеяннях не знайшлі складу правапарушэння па артыкуле 24.1 КаАП РБ, а раз так, то і складанне пратаколу было незаконна. Рэальна, дзеянні суддзі Леўчанкі, які загадаў сакратарцы скласці пратакол, былі незаконныя, паколькі ён суддзя і не мог не ведаць, што ў нашых дзеяннях няма складу правапарушэння па артыкуле 24.1 КаАП РБ. Па тых адказах, які дала старшыня суда Клекаўкіна, я магу сказаць, што яна вырашыла ўхіліцца ад вырашэння пытання і нават не хоча хоць бы прынесці прабачэнні. Па гэтай логіцы, кожнага можна пасадзіць у ІЧУ, патрымаць там, пасля гэтага прызнаць невінаватым і ўсё, вы нават «прабачце» не атрымаеце. Сашу Хамратава нават абшукалі і распранулі, але ён ніякіх прабачэнняў не атрымаў. Судовая сістэма, на сенняшні дзень, абараняе не закон, а сваіх, – пракаментаваў вынік сітуацыі Юрый Гарбаценка.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў