Суд над магілёўскімі журналістамі хутчэй за ўсё адбудзецца 29 траўня


ПРАВААБАРОНА / Friday, May 25th, 2018

Аператару-фрылансеру Яўгену Глушкову паведамілі пра тое, што яго будуць судзіць за супрацоўніцтва з БелСАТ.

25 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


Фрылансеру Яўгену Глушкову патэлефанавалі з суда Ленінскага раёна і паведамілі, што 29 траўня яго чакае суд за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Раней яму і журналістцы Аліне Скрэбуновай было прад’яўленае абвінавачанне ў парушэнні закона аб сродках масавай інфармацыі. Міліцыя лічыць адміністрацыйным парушэннем тое, што яны знялі нязручны для ўладаў сюжэт пра высяленне людзей з дамоў па вуліцах Будаўнікоў і Заслонава.

Магілёўская міліцыя
прэсуе журналістаў
за нязручны рэпартаж (ВІДЭА)

Падчас апытання ў Ленінскім РАУС 23 траўня старшы ўчастковы Руслан Марозаў парэкамендаваў Скребуновой патэлефанаваць у суд 29 траўня – зыходзячы з гэтага, як лічаць праваабаронцы, адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Скребуновой і Глушкова, хутчэй за ўсё, аб’яднаюць.

Акрамя таго, фрылансераў могуць асудзіць яшчэ па адной справе. На гэты раз у Шклоўскім раёне – за сюжэт пра кіраўніку агропрамкомплекса «Купалаўскае» Зміцера Васілеўскага, які скончыў з сабой. Па гэтай справе намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку са Шклова Віталь Бугаёў апытаў Скрэбунову 25 траўня. Праваабаронцу Барыса Бухеля дапусцілі ў якасці яе прадстаўніка. Ён распавёў, што бачыў у матэрыялах справы дакумент з Камітэту дзяржаўнай бяспекі, што пацвердзіла першапачатковую тэорыю пра тое, што за пераследам журналістаў стаіць менавіта КДБ.

КДБ ЗАГАДАЛА
ПАКАРАЦЬ ЖУРНАЛІСТАЎ
БЕЛСАТ?

Працэс над Яўгенам Глушковым і, як мы мяркуем, над Алінай Скрэбуновай, адбудзецца а 10 раніцы ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва 29 траўня.

Раней магілёўскія сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравалі ва УУС Магілёўскай вобласці, аблвыканкам і гарвыканкам калектыўны зварот, у якім папрасілі разабрацца з міліцэйскім гвалтам.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *