“Магілёўскія ведамасці” апраўдваюць савецкую акупацыю Чэхаславакіі


ПРАВААБАРОНА / Friday, August 17th, 2018

Выратавалі ў Другой сусветнай вайне – значыць можна.

17 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Пяцьдзесят гадоў таму краіны сацыялістычнага блоку (СССР, ГДР, Польшча і іншыя) накіравалі ваенныя сілы да сталіцы Чэхаславакіі Прагі. Савецкі саюз патлумачыў неабходнасць сілавога ўварвання барацьбой з “антысацыялістычнымі” пераменамі, якія наспявалі ў Чэхаславакіі падчас “Пражскай вясны”.“Антысацыялістычныя перамены” – гэта паступовая дэмакратызацыя грамадства. Прапаноўвалася зменшыць ролю камуністычнай партыі, дазволіць прыватны бізнес, пашырыць сувязі з краінамі Захаду.

СССР не мог дапусціць гэтага і уварваўся ў Чэхаславакію для змены палітычнага кіраўніцтва і ўсталявання больш жорсткага кантролю. У выніку Савецкі ваенны кантынгент прабыў у чужой краіне аж да 1991 года.

Увод войскаў быў успрыняты ААН, некаторымі сацыялістычнымі краінамі, ЗША і дзяржавамі Захаду як акупацыя. Больш за тое, у 1989 годзе было прынята Заява Савецкага ўрада і сумесная Заява кіраўнікоў Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы і СССР, у якіх увод войскаў у Чэхаславакію ў 1968 г. кваліфікаваўся як “неправамерны акт ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэннай краіны, акт, які перапыніў працэс дэмакратычнага абнаўлення ЧССР і які меў працяглыя адмоўныя наступствы”.

Аднак праз пяцьдзесят гадоў у беларускім Магілёве акупантаў паспрабавалі абяліць. Аўтар “Магілёўскіх ведамасцяў” Ігар Казлоў ў матэрыяле1968год. Чэхаславакія. Што гэта было: увод войскаў ці акупацыя?” паспрабаваў выставіць СССР незразуметай дзяржавай:

“…шматлікія наборы багемскага шкла або крышталя азначалі, што галава сям’і праходзіў службу ў Паўднёвай групе войскаў, а менавіта Чэхаславакіі. … жонкі савецкіх афіцэраў, якія служылі ў Чэхаславакіі, сваёй прыхільнасцю да хрусталю трымалі на плаву гэтую галіну ў Чэхаславакіі на працягу дзесяцігоддзяў“, – распавядае Ігар Казлоў.

Ён запэўнівае, што савецкія людзі не думалі, што савецкія войскі ў Празе – гэта акупанты:

“Добрыяж былі “акупанты”, якія жылі на парадак горш акупаваных, ды яшчэ доўгія гады, калі не дзесяцігоддзі дапамагалі “акупаваным” усім, чым маглі“.

Галоўны довад аўтара ў абарону савецкіх войскаў – гэта тое, што шмат у чым менавіта гэтыя ваенныя перамаглі нацысцкую Нямеччыну і вызвалілі Еўропу:

Яны занадта шмат заплацілі за тых жа пражанаў і жыхароў іншых гарадоў Чэхаславакіі, таму маглі і мелі права не разумець тое, што ярчэй за ўсе выказаў нямецкі філосаф Ода Марквард: “Гэта была барацьба з тыраніяй, якая не была тыраніяй“.

У канцы матэрыялу Ігар Казлоў абураецца тым, што чэхі і славакі апынуліся такімі няўдзячнымі:

“Мы чакалі ад сваіх былых “братоў па сацыялістычным лагеры” элементарнага “дзякуй” за тое, што ў свой час выратавалі іх. А атрымалі спаўна хвалю папрокаў і абвінавачванняў у насаджэнні тыраніі. З усяго гэтага трэба зрабіць выснову: гісторыя заўсёды паўтараецца, нам усім трэба запомніць і перадаць нашым дзецям, што перш чым кагосьці ратаваць, трэба сто разоў падумаць – занадта вялікія ахвяры з нашага боку – слоў падзякі не будзе“.

Падчас уварвання савецкіх войскаў было забіта 108 і паранена больш за 500 грамадзян Чэхаславакіі, у пераважнай большасці мірных жыхароў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *