Станіславу Паўлінковічу за ўдзел у менскай «Акцыі папярэджання» далі штраф

Суддзя Ленінскага раёна Аксана Ратнікава ацаніла дачыненне актывіста да патрыятычнага мітынгу ў 460 рублёў.

13 верасня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі. На фота – Станіслаў Паўлінковіч адразу пасля суда.


­13 верасня ў судзе Ленінскага раёна працягнуўся працэс па факце ўдзелу магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча ў менскай акцыі пратэсту супраць вучэнняў «Захад-2017».

Паўлінковіч чакаў, што яму дадуць адміністрацыйны арышт і прыйшоў у суд з загадзя падрыхтаванымі рэчамі. Падтрымаць актывіста прыйшлі праваабаронцы і журналісты. На паседжанні таксама прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі, у прыватнасці намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін.

Падчас працэсу Паўлінковіч заявіў, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго палітычна матывавана і з’яўляецца незаконнай. Ён заявіў, што ў міліцыі і ў ізалятары часовага ўтрымання з ім абыходзіліся непатрэбным чынам:

– Мне не далі патэлефанаваць і паведаміць пра затрыманне родным і знаёмым, у самім ізалятары мяне не кармілі вечарам і на наступную раніцу, у камеры не было туалетнай паперы.

Ён паведаміў суддзі, што напісаў на названых парушэннях скаргу ў пракуратуру і папрасіў далучыць яе копію да матэрыялаў справы. Таксама Паўлінковіч звярнуў увагу на тое, што пратакол, складзены супрацоўнікамі Ленінскага РАУС, не адпавядае копіі, якую выдалі актывісту. У прыватнасці, адсутнічалі словы Станіслава пра тое, што ён адмаўляецца ад подпісу. Актывіст папрасіў вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас райаддзела міліцыі.

Усяго выступ Паўлінковіча заняў каля пяцідзесяці хвілін. Ён адзначыў, што акцыя мела мірны характар.

– Там сабраліся сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія хочуць лепшай будучыні для сваёй краіны, – заявіў актывіст.

Паводле ягоных слоў, ён не парушаў грамадскі парадак і не пагражаў дзяржаўнай бяспекі, не абражаў нічые гонар і годнасць, таму сваё затрыманне лічыць незаконным.

Магілёўскія міліцыянты груба парушылі мае неад’емныя правы на мірныя сходы і на свабоднае выказванне свайго меркавання, прадугледжаныя і прадастаўленыя мне як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаным і ратыфікаваным Беларуссю без усялякіх агаворак, – заявіў на судзе Павлинкович.

Суддзя Аксана Ратнікава ў ходзе працэсу прагледзела запіс эфіру з мітынгу, які вяло «Радыё Свабода». Яна ўдакладніла, ці адмаўляе Паўлінковіч, што ўдзельнічаў у акцыі і даваў каментар карэспандэнту «Свабоды». Актывіст пацвердзіў, што на відэа сапраўды ён.

Пасля саракахвіліннага перапынку суддзя вынесла рашэнне аштрафаваць Станіслава на 20 базавых велічыняў – 460 рублёў.

Актывіст плануе абскардзіць рашэнне ў абласным судзе.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў