Крымінальная справа супраць Бандарэнкі перададзена ў суд

Працэс над праваабаронцам, верагодна, адбудзецца ў магілёўскай турме №4.

25 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Як стала вядома праваабарончаму цэнтру “Вясна“, крымінальная справа супраць Андрэя Бандарэнкі была перададзена ў суд з пракуратуры 18 студзеня. Дата суда павінна быць прызначаная да сярэдзіны лютага. Верагодна, працэс адбудзецца ў будынку магілёўскай турмы №4, дзе Бандарэнка адбывае пакаранне ў дадзены момант. У гэтым выпадку на працэс могуць быць не дапушчаныя журналісты і праваабаронцы.

Вядома, што ў крымінальнай справе згадваецца толькі некалькі фактаў «непадпарадкавання патрабаванням адміністрацыі», кожны з якіх Бандарэнка спрабаваў абскардзіць у судзе, але ні адну ягоную скаргу не задаволілі. Цяпер адвакат праваабаронцы Вадзім Мушынскі ў абласным судзе паспрабуе аспрэчыць рашэнні раённага суда па спагнаннях за няякасна зробленыя канверты і непрадстаўленне рапарту супрацоўніку турмы. Вядома, што абодва гэтыя эпізоды ўключаны ў крымінальную справу. Разгляд адбудзецца 8 лютага а 10 раніцы.

Нагадаем, што былога кіраўніка праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Калі яго прызнаюць вінаватым, Андрэю Бандарэнке пагражае яшчэ два гады зняволення. Бягучы тэрмін адбыцця пакарання заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў