Абласны суд праігнараваў памылкі міліцыі і пакінуў у сіле штраф бабруйскай актывістке


ПРАВААБАРОНА / Friday, July 27th, 2018

Галіна Смірнова прывяла мноства доказаў сваёй слушнасці, але пераканаць суддзю Паўла Клімава не здолела.

27 ліпеня. Магілёў. Абласны суд. Алесь Святліцкі


Галіну Смірнову затрымалі ў сакавіку гэтага года напярэдадні Дня Волі. Ноччу каля яе пад’езда жанчыну схапілі невядомыя і адвезлі ва УУС. Там на яе склалі два пратаколы за пераход вуліцы ў неналежным месцы і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы. Двое сутак яна правяла ў адзіночнай камэры.

21 і 23 траўня адбыліся суды, на якіх паказанні давалі супрацоўнікі АМАПу. Нягледзячы на вялікую колькасць нестыковак ў паказаннях і пратаколах, Галіну Смірнову прызналі вінаватай і аштрафавалі агулам на 3 базавых велічыні.

Падчас абскарджання ў Магілёўскім абласным судзе 26 ліпеня Смірнова звярнула ўвагу суддзі Паўла Клімава на памылкі міліцыі:

– Мяне абвінавачваюць у непадпарадкаванні міліцыі, быццам я ўпіралася рукамі і не хацела ісці. Аднак у сваіх паказаннях супрацоўнікі міліцыі сцвярджаюць, што ў кожнай маёй руцэ было па цяжкаму пакету. Я фізічна не магла адштурхоўваць іх рукой, – заявіла падчас суда жанчына.

Таксама яна адзначыла тое, што падчас адміністрацыйнага працэсу і суда супрацоўнікі органаў унутраных справаў некалькі разоў мянялі свае паказанні.

Парушэнне правілаў дарожнага руху Смірнова таксама адмаўляе.

– У пратаколе пазначана, што мяне затрымалі не каля майго пад’езда, як было на самай справе, а на іншым баку вуліцы. Але ў мяне не было матываў выйсці ў 12 гадзін ночы са сваёй хаты, каб перайсці дарогу да нежылога і закрытага будынку, які там стаіць. Ніякіх прыпынкаў, крам там няма, – аргументавала сваю пазіцыю актывістка.

Яна заявіла, што сілавікі самі ўскосна пацвярджаюць у пратаколах, што затрымалі яе каля свайго пад’езда, а не на другім баку вуліцы.

Суддзю Паўла Клімава словы Смірновай калі і збянтэжылі, то віду ён не падаў – штраф пакінуты ў сіле.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *