Следчы камітэт спіхнуў ўзбуджэнне крымінальнай справы на раённых чыноўнікаў

Адміністрацыі Ленінскага раёна прыйшлося апраўдвацца, што прыцягваць да крымінальнай адказнасці – гэта не іх абавязкі.

24 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Журналіст Уладзімір Лапцэвіч 4 траўня звярнуўся ў Следчы камітэт для распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва.

На думку карэспандэнта БелаПАН, чыноўнік перашкодзіў яго законнай прафесійнай дзейнасці і перавысіў службовыя паўнамоцтвы, калі не пусціў яго на сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Як адзначыў Лапцэвіч, на мерапрыемства яго запрасілі самі члены кааператыва.

Следчы камітэт павінен быў правесці праверку і альбо распачаць крымінальны працэс, альбо адмовіць у ім. Замест гэтага следчыя вырашылі парадаваць Адміністрацыю Ленінскага раёна і перанакіравалі заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы да іх.

У адказ на гэта кіраўнік Адміністрацыі Віктар Лаўрыновіч ветліва паведаміў, што пытанні распачынання крымінальных спраў і прыцягнення да адказнасці ў кампетэнцыю ягонай структуры не ўваходзяць.

У сувязі з гэтыя Уладзімір Лапцэвіч зрабіў запыт у Следчы камітэт:

– Я хачу даведацца, ці было СК вядома аб тым, што адміністрацыя раёна не займаецца узбуджэннем крымінальных спраў, і калі так, то з якіх меркаванняў мая заява была перанакіравана туды, – паведаміў журналіст.

Таксама Лапцэвіч хоча дамагчыся адказу на пытанне, ці ўваходзіць у кампетэнцыю Следчага камітэта ўзбуджэнне крымінальных спраў за перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. У выпадку станоўчага адказу карэспандэнт БелаПАН просіць растлумачыць, чаму сілавікі парушылі заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў