Скрэбунову адпусцілі з міліцыі. На яе склалі тры пратаколы

Журналістка распавяла падрабязнасці затрымання.

30 кастрычніка. Магілёў. Ленінскі РАУС. Алесь Святліцкі


Затрыманую каля трох гадзін дня ў цэнтры горада журналістку Аліну Скрэбунову адпусцілі з райаддзела. На яе склалі тры адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у стварэнні сюжэтаў для тэлеканала БелСАТ. Па словах дзяўчыны, маёр Яўгеній Слаўнікаў, які вядзе яе справу, многае перапісаў з матэрыялаў Кастрычніцкага РАУС. Нагадаем, што напачатку верасня Аліну Скрэбунову аштрафавалі на 460 рублёў за сюжэт пра бяздомных жывёл.

– Слаўнікаў мне сказаў, што міліцыя Кастрычніцкага раёна і суд ужо даказалі маю віну і што я з’яўляюся правапарушальніцай. Пры гэтым размаўляў міліцыянт па-хамску. Калі я папрасіла ў яго растлумачыць мае правы, ён проста даў мне паперку з надрукаваным тэкстам і адмовіўся тлумачыць. Зараз мне ставяць у віну ўдзел у стварэнні трох сюжэтаў для БелСАТ, – распавяла Аліна Скрэбунова па выхадзе з аддзела ўнутраных спраў.

Яна таксама распавяла падрабязнасці затрымання. Па яе словах, днём яна гуляла са сваім таварышам у цэнтры горада, а калі развіталася з ім, да яе адразу ж падышлі трое чалавек у цывільным:

– Было бачна, што адзін з іх – работнік спецслужбаў. Ён не адказваў ні на якія пытанні, адмовіўся прадстаўляцца. Пытаўся, які ў мяне род дзейнасці. Астатнія двое былі звычайнымі міліцыянтамі. Яны папрасілі пачакаць, пакуль прыедзе маёр Слаўнікаў, які быў на месцы ўжо праз пяць хвілін на грамадзянскай машыне.

Зараз Аліна Скребунова чакае позвы ў суд.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў