СК пазбавіў прадстаўніка жанчыну, якая заявіла аб збіцці міліцыянтам

Магілёўскі Міжраённы аддзел Следчага камітэта вырашыў, што пенсіянерцы Святлане Іванюшавай абаронца яе інтарэсаў не патрэбны.

21 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


У чэрвені 2015 пенсіянерку Святлану Іванюшаву затрымалі ў пастарунку на вуліцы Будаўнікоў, куды яна прыйшла скардзіцца на свайго зяця. Супрацоўнікі міліцыі палічылі, што жанчына знаходзіцца ў нецвярозым стане, з-за чаго накіравалі яе ў Ленінскі РАУС. Там яна папрасілася ў туалет. Па словах Іванюшавай, калі яе вялі, ударылі па назе, пасля чаго моцным ударам зламалі сківіцу. Гэта было платай нібыта за тое, што яна шмат скардзілася і ныла ў райаддзеле.

Пасля інцыдэнту жанчына трапіла ў бальніцу, на поўную рэабілітацыю ёй спатрэбілася некалькі месяцаў. З дапамогай праваабаронцаў Святлана Іванюшава звярнулася ў Следчы камітэт, які распачаў крымінальную справу. Законным прадстаўніком інтарэсаў Іванюшавай стаў юрыст незалежнага прафсаюза радыё і электроннай прамысловасці Аляксандр Хамратаў.

Іванюшава ў шпіталі пасля збіцця, чэрвень 2015

Паводле яго слоў, крымінальная справа праіснавала некалькі месяцаў, перш чым яе прыпынілі за адсутнасцю доказаў.

– Нам прыйшлося звяртацца ў пракуратуру, каб справа ізноў аднавілі. Не было ні адэкватнага расследавання, ні выніку. Пракуратура прыслухалася і пастанавіла справу аднавіць, – распавёў Хамратов.

Аднак удзел прававога актывіста апынуўся пад пытаннем. Калі Іванюшаву выклікалі на допыт у Следчы камітэт, Хамратава ў якасці прадстаўніка не пусцілі.

– Я паведаміў следчаму Афітавай, што яе дзеянні па нядопуску мяне як прадстаўніка незаконныя і пачатак следчага дзеяння не можа быць пачаты без вырашэння пытання аб маім допуску. Мы з Іванюшавай абодва ўваходзім у прафсаюз РЭП, таму я маю права быць яе прадстаўніком. У выніку да нас падыходзілі розныя супрацоўнікі СК, узнік канфлікт і нам прыйшлося сысці, паколькі ў маёй падапечнай разбалелася галава. Мы накіравалі скаргу кіраўніцтву Міжраённага аддзела, у якім запатрабавалі прызнаць мяне ў якасці абаронцы Іванюшавай, але начальнік Леанід Корж адмовіў нам, – паведаміў Хамратаў.

Больш за тое, следчыя распачалі крокі ў адказ. Яны накіравалі запыт у цэнтральны офіс РЭП, у якім запатрабавалі прадставіць дакументы аб уступленні Хамратава і Іванюшавай ў прафсаюз, выплаце імі сяброўскіх унёскаў і наяўнасці даверанасці паміж пенсіянеркай і юрыстам.

Хамратаў называе гэта спробай запалохвання. Ён ужо падрыхтаваў скаргу пракурору горада, каб той адмяніў рашэнне Следчага камітэта і вярнуў Святлане Іванюшавай яе канстытуцыйнае права на абаронцу.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў