6 рэчаў, якія зробяць Магілёў больш чалавечным

Кантрыбутары mspring.online Ігар Лазоўскі і Алесь Святлiцкi склалі спіс з 6 рэчаў, дзякуючы якім прастора і людзі вакол стануць мякчэй да кожнага асобнага чалавека і яго правоў.

10 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі, Алесь Святліцкі


Пасадзіць чыноўнікаў на крэслы-каталкi і ровары

Не, мы не прапануем нікога калечыць, проста прыцягнулі вашу ўвагу, прывiтанне. Магілёў – горад для здаровых і маладых пешаходаў і аўтамабілістаў. Іншым месца амаль не знаходзіцца – будзь вы маладой мамай з калыскай, чалавекам з інваліднасцю на крэсле-каталцы або веласіпедыстам. Тратуары, сцэны, прыступкі і бардзюры крычаць аб тым, каб вы сядзелі дома, максімум – шпацыравалі ў сябе ў двары.

Здаецца, праблему можна было зрушыць з месца, калі б людзі з выканкамаў, Саветаў і іншых адміністрацыйных канструкцый хоць бы раз прарабілі шлях з дома да працы на колах. Або калі б правялі такім чынам выхадны дзень у горадзе. Падпісваць паперы з праектамі і потым даваць справаздачу пра безбар’ернае асяроддзе – гэта выдатна, вядома, але розніцу паміж папяровай рэчаіснасцю і сапраўдным становішчам спраў крута паказалі нашы калегі з БелаПАН.

Навучыцца распавядаць пра вайну

Перамога ў Вялікай айчыннай вайне ў складзе СССР – самае галоўнае дасягненне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Трафейныя «Мэрсэдэсы» з Берліна, падзякі дзядам на заднім шкле «Жыгулёў», стужачкі, зорачкі, чырвоныя сцяжкі, імёны і бюсты герояў ВАВ – навакольная прастора прасякнута Вялікай Перамогай. Але пра саму вайну мы успамінаць не любім. А менавіта той факт, што любая вайна, праведная яна ці не, – гэта бойня, дзе адны людзі забіваюць іншых. Што гэта – кал з разарваных кішак, абрубкі ног і рук, звіхнутыя байцы і яшчэ больш звіхнутыя мамы, якія нарадзілі сыноў для таго, каб кавалак свінцу вырваў з іх кавалак цела і жыццё. Вайну трэба памятаць, каб баяцца яе, і ніколі не паўтараць. У нас ёсць месцы, дзе гінулі і пакутавалі людзі, – і часам трэба іх паказваць без налёту гераізму.

Развіваць валанцёрства

Бачыць чалавека ў чалавеке прасцей, калі ты каму-небудзь дапамагаеш. У краінах Заходняй Еўропы і Скандынавіі валанцёрства – гэта значны пласт сацыяльнай культуры. У Менску праблема таксама стаіць не так востра, бо там параўнальна шмат арганізацый і ініцыятыў, якія збіраюць пад свае сцягі дзясяткі чалавек. У Магілёве з гэтым худа – калі не лічыць валанцерствам планамерныя выездкі БРСМ у дзіцячыя дамы і здачу грошай на Чырвоны крыж, валанцёрства як масавая з’ява ў горадзе адсутнічае. Дапамога патрэбна шмат каму – дзецям без бацькоў, пажылым людзям, людзям з інваліднасцю, – балявых кропак хапае. Ёсць і людзі, якія гатовыя вылучаць час і сілы на дапамогу іншым. Але няма таго месца, куды чалавек з вуліцы можа прыйсці і сказаць «я тут, я гатовы дапамагаць». Трапіць у валанцёрскую тусоўку не так проста, асабліва калі ў цябе ёсць толькі маладосць і сілы, а вось прадстаўлення, чым ты канкрэтна хочаш займацца – не. Калі б у Магілёве з’явіўся свой валанцёрскі цэнтр, які ахопліваў бы большасць праблемных кропак, было б крута.

Пачаць праводзіць культурныя мерапрыемствы вострасацыяльнай тэматыкі

Выстаў у Магілёве праводзіцца шмат: у адной толькі гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса за год мы налічылі больш за дзесяць штук. А ёсць яшчэ выставачная зала на Болдзіна, ёсць яшчэ музеі Масленнікава і этнаграфіі. Выстаў у горадзе шмат, але ўсе яны рафінаваныя і прыгожыя. Гораду крытычна бракуе культурных мерапрыемстваў, якія б абстрэльвалі наведвальнікаў вострасацыяльнымі праблемамі і ставілі пытанні, на якія нельга адказаць за пяць хвілін. Пэрформансы не перахопліваюць дух у нашых лёгкіх, а карціны не падцінаюць нашыя ногі. Мы спажываем чарговую фотавыставу прыгажосцяў старадаўняга Магілёва ці скульптуры штогадовага плэнера гэтак жа, як ядзiм катлеткі з пюрэшкай. Але часам нам патрэбныя фатаграфіі галодных афрыканскіх дзяцей і прыбітая да бруку частка цела Паўленскага, каб разварушыцца.

Дачакацца камінг-аўтаў

У цывілізаваным свеце да ЛГБТК ставяцца нармальна ў першую чаргу таму, што яны – людзі. У нас гэтая тэма табуяваная, паколькі для нас яны ў першую чаргу не людзі, а ЛГБТК. Плоскія жарты, адкрытыя абразы і пагрозы ў іх адрас, нават калі яны знаходзяцца ў ЗША ці Новай Зеландыі – так, у гэтым усе мы.

Мы ездзім у грамадскім транспарце, ходзім у кафэ, купляем у краме піва або сядзім на спектаклі ў тэатры – і нават не мяркуем, колькі вакол людзей, якія цалкам шчыра любяць чалавека свайго полу альбо самі адчуваюць сябе не такімі, якімі нарадзіліся. Але ўсё гэта ціха, крадком.

Выхад з цені заўсёды балючы – вочы слепіць сонца, з-за чаго бачыш камянёў, якія ў цябе ляцяць. Але часам гучны выхад неабходны, каб людзі ў першую чаргу ўбачылі чалавека – суседа па хаце, напарніка па працы, прадаўца ў краме ці каго-небудзь яшчэ.

Закрыць «Вячэрні Магілёў»

І гэта будзе галоўная лакальная перамога над дэманам мовы варожасці.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў