Севярынец у Магілёве: «Беларускія сілавікі за высокую зарплату гатовыя прысягнуць на вернасць Пуціну»

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец сустрэўся ў грамадскім цэнтры «Кола» з магілёўцамі.

19 кастрычніка. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


Павел Севярынец завітаў у Магілёў 19 кастрычніка у рамках падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя БХД, якое адбудзецца ў 2017 годзе. Палітык прадставіў некалькі кніг, а таксама прачытаў невялікую лекцыю пра гісторыю і людзей БХД.

– Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўжо тысяча гадоў – з тых часоў, калі нашыя землі прынялі хрысціянства. Прычым, хрысціянства дэмакратычнае. Як нашы людзі прымалі рашэнні? Праз веча. Гэта была самая сапраўдная хрысціянская дэмакратыя. Таму беларусы так шануюць і любяць свабоду, – заявіў Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, сіла беларускага народа – у веры:

– Калі беларускі народ заставаўся без веры, калі ішла міжканфесійная барацьба, калі на нашай зямлі ўсталёўваўся атэізм – тады Беларусь бедавала. Апошнія 70 гадоў, якія краіна знаходзілася пад камуністамі, выкарчавалі тыя хрысціянскія каштоўнасці, якія ўласцівыя беларусам. Сёння мы краіна, якая п’е, у якой многія людзі сканчаюць жыццё самагубствам. Беларусь моцная толькі тады, калі верыць у бога.

Палітык асобна распавёў пра людзей, якія стаялі ля вытокаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – удзельніках руху 20-30 гг. XX стагоддзя.

– Людзі часта ішлі на смерць ад камуністычнай машыны, але яны ведалі, што хай не цяпер, хай праз пакаленне, але іх дзейнасць дасць свой плён. І зараз мы ведаем іх імёны, а вось імёны іх катаў назаўжды пахаваныя часам.

Потым слова ўзяў Алег Аксёнаў, лідэр мясцовых хрысціянскіх дэмакратаў, які звярнуўся з просьбай да гісторыка Ігара Пушкіна сумеснымі намаганнямі сабраць больш інфармацыі пра гісторыю БХД у Магілёве. Пушкін быў ня супраць, Севярынец ідэю падтрымаў:

– На 2017 год у 50 гарадах мы запланавалі мерапрыемствы да 100-годдзя БХД – перайменаванне вуліц, ўстаноўка мемарыяльных шыльдаў. Свярдловаў і Карлаў Марксаў у нас тысячы, а вось сваіх беларускіх герояў мы чамусьці не паважаем.

img_3071

Акрамя культурных планаў, сустаршыня БХД распавёў пра палітычную сітуацыю вакол арганізацыі:

– Апазіцыя сёння не адказвае запытам грамадства. Мы бачым, што патрэба ў пераменах сярод людзей ёсць, але дэмакраты не могуць узяць ролю лідэраў на сябе. Тое ж датычыцца і БХД. Мы толькі тады будзем гатовыя да гэтай ролі, калі самі будзем гатовыя ўзяць адказнасць за свае ўчынкі.

Аўдыторыя задавала няшмат пытанняў. Галоўнае – пра геапалітычную пагрозу з боку Расеі.

– Мы павінны быць гатовыя да гэтага. Я з вялікай павагай стаўлюся да маладафронтаўцаў, якія стварылі клуб «Ваяр», якія рыхтуюцца абараняць сваю радзіму. З вялікай павагай стаўлюся да хлопцаў, якія паехалі добраахвотнікамі на Украіну. Сябра БХД Алесь Чаркашын загінуў там у 2015 годзе. Вядома, што і ў нас хапае засланых казачкоў «рускага свету». Вядома, што сілавыя структуры гатовыя здацца Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну за заробак, якая больш у 2-3 разы. Але ва ўсіх беларусаў ёсць куток у сэрцы, які заўсёды баліць за сваю краіну.

Сустрэча доўжылася каля 2 гадзін, у ёй прынялі ўдзел каля 30 чалавек.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў