Сенатар Акуловіч лічыць, што беспрацоўе ў Беларусі выклікана сучаснымі тэхналогіямі

«Вызваляюцца працоўныя рукі – гэта нармальны працэс».

16 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымак – rm.tvrmogilev.by


У аўторак, 13 верасня, Саветы дэпутатаў вызначылі восем сенатараў ад Магілёўскай вобласці, якія на працягу наступных чатырох гадоў будуць уваходзіць у верхнюю палату Нацыянальнага сходу. У пятніцу, 16 верасня, газета «Магілёўскія ведамасці» апублікавала праграмныя выступы новаспечаных парламенцёраў. Зыходзячы з тэксту сенатара Ірыны Акуловіч, яна па-свойму разумее праблемы беспрацоўя ў краіне:

«На нашы прадпрыемствы прыходзяць новыя сучасныя тэхналогіі, натуральна, вызваляюцца працоўныя рукі – гэта нармальны працэс, але людзі павінны знайсці сабе месца на іншым вытворчасці, і стварыць яго павінен прыватны бізнэс».

У сваім выступе галоўрэд ТРК «Магілёў» адзначыла, што на фарміраванне яе палітычнага бачання аказала ўплыў праца на выбарах прэзідэнта-2015, дзе яна была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Сваёй асноўнай задачай у Савеце Рэспублікі Ірына Акуловіч бачыць барацьбу за інфармацыйную бяспеку Беларусі. Яна лічыць, што айчынныя медыя недастаткова абароненыя заканадаўствам у выпадку інфармацыйнай вайны?

 «Мяне, як журналіста, турбуе інфармацыйная бяспека Беларусі. Наша медыйнае поле з пункту гледжання закона фактычна безабароннае. Ёсць толькі мадэльны закон па інфармацыйнай бяспекі СНД. Краіне патрэбна дэталёвая прапрацоўка гэтага законапраекта, ўзгадненне з калегамі і аператыўнае прыняцце рашэнняў. Інфармацыйныя войны, якія вядуцца сёння ў свеце, – войны вельмі небяспечныя, і ўкладваюцца ў іх мільёны даляраў. Недаацэньваць іх нельга».

Хвалюе Акуловіч і адстойванне аўтарскіх правоў. Адзначым, што ТБ-вяшчанне, за якое яна адказвае, адбываецца праз канал «Беларусь-4», які належыць «Белтэлерадыёкампаніі». 5 верасня Вярхоўны суд прызнаў, што канал БТРК «Беларусь-1», які выкарыстаў без дазволу ў сваім эфіры фатаграфію мінскага блогера Антона Матолька, нічога не краў і аўтарскага права не парушыў. Можа, ініцыятыва сенатара больш абароніць аўтараў?

«Хацела б унесці дапаўненні ў Закон аб аўтарскім праве. Закон ёсць, але ён працуе не так, як павінен. Сёння абласныя тэлерадыёкампаніі актыўна праводзяць дзяржаўную палітыку ў рэгіёнах … У гэтых умовах асабліва важная добрасумленная канкурэнцыя … Ёсць шмат пытанняў у плоскасці захавання правоў на выкарыстанне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Прасцей кажучы, адкрыты крадзеж на прыватных каналах. Атрымліваецца, той, хто плаціць і працуе сумленна, знаходзіцца ў горшых умовах», – заявіла ў сваім выступе Акуловіч.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў