Кіраўнік магілёўскага страйкбольнга руху патлумачыў, да чаго на дзіцячым свяце была паперка пра ФСБ


[:by]Гісторыі[:] [:ru]Истории[:], СОЦЫУМ / Tuesday, September 4th, 2018

Магілёўскія страйкбалісты аказаліся незадаволенымі матэрыялам нашага карэспандэнта. Іх лідэр Ігар Сідараў сустрэўся з журналістам і запатрабаваў, каб у членах ГСП Рэдут перасталі бачыць агентаў Крамля.

4 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


31 жніўня каля гандлёвага цэнтра «Перекресток-Авеню» некалькі чалавек у камуфляжных касцюмах зладзілі дзіцячае мерапрыемства з выставай зброі і ваенізаванай экіпіроўкі. Побач з выставай знаходзіўся аўтамабіль УАЗ з залепленымі нумарамі і улёткай, згодна з якой на выставе знаходзяцца члены групы спецыяльнага прызначэння “Рэдут”. Па іх жа інфармацыі, яны імкнуцца да стварэння вобраза ЦСП ФСБ.

3-га верасня на mspring.online выйшаў матэрыял з фотаздымкамі з мерапрыемства, які выклікаў рэзкую незадаволенасць у сябраў магілёўскага страйкбольнага клуба.

Фотафакт: да чаго ФСБ Расіі на дзіцячым свяце ў Магілёве?

Старшыня арганізацыі страйкбола па Магілёўскай вобласці, а таксама кіраўнік секцыі ДТСААФ магілёўскага страйкбольнага клуба Ігар Сідараў заявіў, што ніхто з ГСП “Рэдут” не з’яўляецца “агентам Крамля”. Наш журналіст Алесь Святліцкі вырашыў сустрэцца з ім, каб пачуць і запісаць ягоную версію таго, што адбывалася перад ГЦ «Перекресток-Авеню».

Ігар, што менавіта вас не задаволіла ў матэрыяле?

– Вы выставілі сябраў нашага клуба не ў лепшым святле перад грамадскасцю. Хлопцы, якіх вы абазвалі ФСБ-шнікамі і агентамі Крамля, – гэта простыя студэнты, страйкбольная каманда, якая ніякага дачынення да палітыкі не мае.

– Аднак у матэрыяле іх ніхто і не называе агентамі Крамля і ФСБ-шнікамі. Там гаворыцца пра тое, што невядомыя людзі ў камуфляжнай форме рэкламавалі сябе як прыхільнікі стылю ФСБ.

– Не пагаджуся. У артыкуле пісалася… Нават не ведаю, як сфармуляваць сваю думку. Давайце так. Сутнасць такая – у нас ужо неаднаразова адбываліся выпадкі падобнага роду.

Менавіта што?

– Пра нас пісалі артыкулы – што нашыя хлопцы ваююць у Грузіі, у Чачні, на Украіне, дзе толькі не ваююць.

Адпаведна, праходзіла інфармацыя на апазіцыйныя сайты. Пасля мы былі вымушаныя звяртацца ў суд, таму што палюбоўна вырашаць пытанне атрымлівалася рэдка. Таму што гэта закранае пачуцці і годнасць нашых хлопцаў. Тое ж самае і тут.

Мы арганізоўвалі свята, дзіцячае мерапрыемства. Нас папрасіла гандлёвая сетка паўдзельнічаць, зрабіць выставу рыштунку і зброі. Мы зрабілі, прыехалі дабраахвотна, абсалютна на бязвыплатнай аснове выставілі там нашы стэнды, паклалі зброю, рыштунак, паставілі машыну. І ўсё выдатна і цудоўна праходзіла, пакуль не прыйшла інфармацыя аб тым, што гандлёвую сетку, нібыта, захапіў спецназ. Прычым прыйшла яна з Мінска, перш, чым ад вас.

– А ад каго з Мінска?

– Я зараз не магу сказаць.

– Гэта значыць яшчэ да нашага матэрыялу? Цікава.

– Я думаю да, да вашага матэрыялу. Не ўпэўнены. Гэта спусцілі на жарт, аднак асадак застаўся. Мерапрыемства, натуральна, было ўзгоднена.

– Глядзіце, да самога мерапрыемства прэтэнзій ж няма. Але чаму ў сваім матэрыяле, як аўтар, я ўпэўнены? Былі незнаёмыя людзі ў камуфляжы, зразумела, яны маглі займацца чым заўгодна. Аднак стаяў аўтамабіль з залепленымі нумарамі, прычым незразумела для чаго. І на лабавым шкле аўто была аб’ява аб тым, што канкрэтна ГСП «Рэдут» займаецца мадэляваннем ЦСП ФСБ. Я не ведаю, якія матывы ў гэтых людзей. Дзіўна, што яны пачалі захапляцца тэмай ФСБ тады, калі пачаўся канфлікт ва Украіне.

– Я вам распавяду ў двух словах з нагоды гэтага ўсяго. У нас – страйкбол. Любы спорт прадугледжвае нашэнне пэўнага рыштунку і экіпіроўкі. Гэта значыць, што хлопцы купляюць рыштунак, пачынаюць яго выкарыстоўваць і ў іх збіраецца нейкі вобраз. Напрыклад, ён можа быць бліжэй да вонкавага выгляду байца НАТА або да нашага вобразу звычайнага байца.

Чатыры-пяць чалавек аб’ядноўваюцца ў каманду. Каб не быць разнамаснымі, ім трэба аднолькава апрануцца. Яны выбіраюць тэму, на каго быць падобнымі – на амерыканцаў, ангельцаў, расейцаў, беларусаў. У Беларусі не адзін дзясятак каманд, якія мадэлююць спецпадраздзяленні. Чаму бярэцца нейкае спецпадраздзяленне? Таму што гэта, у першую чаргу, пафас.

– Па сутнасці, гэта гульня ў дарослы спецназ?

– Гэта гульня ў вайнушку. І гэта проста знешні выгляд. А тая паперка, якую вы назвалі аб’явай, гэта проста павесілі кароткую інфармацыю аб сваёй камандзе на лабавое шкло.  

На дзіцячым свяце прысутнічалі толькі хлопцы з ГСП «Рэдут»?

– Там прысутнічалі прадстаўнікі практычна ўсіх магілёўскіх камандаў. Хто змог – той прыйшоў. Была б магчымасць – людзей было б больш.

– Наколькі вы лічыце апраўданым, што на дзіцячым свяце вывешваецца паперка пра тое, што гэтыя людзі мадэлююць ФСБ? Хіба гэта абавязкова?

– Справа не ў тым, што паперка вывешваецца. Ёсць людзі, якія мадэлююць вайну 1812 года, ёсць тыя, хто мадэлюе Першую сусветную вайну, ёсць рыцары. А гэтыя хлопцы проста мадэлююць ФСБ. Прычым гэта зборны вобраз – аўтамат Калашнікава і камуфляж.

– Аднак, зыходзячы з аб’явы на лабавым шкле можна было даведацца, што яны досыць дасведчаныя ў гэтай справе і яны канкрэтна разбіраюцца нават па гадах, чым адрозніваецца камуфляж.

– Уся гэтая інфармацыя ёсць у Інтэрнэце, тут нічога звышнатуральнага няма. Можна прачытаць і напісаць усё, што заўгодна. Гэта проста ўлётка.

– Вы ўчора ў перапісцы са мной сказалі, што з’яўляецеся членамі клуба ДТСААФ.

– Так.

– У тым ліку і Рэдут з’яўляюцца ДТСААФ-аўцамі?

– Некаторыя хлопцы – ды, выказалі сваё жаданне ўступіць.

– ДТСААФ – гэта клуб садзейнічання арміі і флоту. Ці няма тут супярэчнасці, што людзі, якія павінны дапамагаць беларускай арміі, пазіцыянуюць сябе як умоўныя памочнікі расійскіх спецслужбаў?

– Не, гэта абсалютная выдумка, пытанне высмактана з пальца. Ніякага дачынення да ФСБ яны не маюць.

Гэта простыя людзі. Такія ж, як мы з вамі – простыя студэнты, працоўныя, дырэктары. Людзі, якія адпачываюць, гуляючы ў страйкбол. А тое, што яны назваліся гучным словам ФСБ – гэта нікому ні пра што не кажа.

Проста назва, па прыкладу таго, як называюцца футбольныя або хакейныя клубы. Ніякай прывязкі няма. Тым больш ФСБ – гэта сур’ёзная арганізацыя, і я думаю, што не тое, што прыцягваць студэнтаў, нават хадзіць з надпісам ФСБ яны б тут не сталі.

– І пры гэтым хлопцы вывесілі паперку з інфармацыяй пра ФСБ?

– Я ж ужо звяртаў увагу, што гэта проста азнаямленчы банэр. Хлопцы паспрабавалі апісаць сваю каманду, як змаглі.

– І ўсё ж такі, чаму на аўто былі залепленыя нумары?

– Ну, гэта асабістае жаданне хлопцаў, я не магу сказаць. Не ўсе хочуць, каб іх нумары былі бачныя. Пры продажы аўтамабіля таксама заляпляюць нумары.

– Добра. Глядзіце. Вы досыць сур’ёзна паставіліся да пытання і «запрэгліся» за хлопцаў. Многія з вашых знаёмых адпісваліся ў нашай групе [Укантакце]. Аднак я так і не ўбачыў, каб адрэагавалі самі “рэдутаўцы“. Складваецца адчуванне, быццам яны шыфруюцца.

– Ніхто не шыфруецца, я даў каманду скончыць ўвесь “кіпіш”, таму што калі інфармацыя ідзе з многіх крыніц, да праўды дакапацца складана. Я, як арганізатар і як галоўны, імкнуся вырашаць гэтыя пытанні сам.

– Тады з нагоды Івана Іванова. Вы сказалі, што ўсё гэта гульня і не больш. Аднак ёсць нейкі персанаж Іван Іваноў у сацыяльнай сетцы “Укантакце”.

– Дапусцiм.

– Ён, відавочна, звязаны з “Рэдутам“.

– Ну, адзін з членаў каманды.

– Мяркуючы па пабліках і групах, на якія ён падпісаны [сярод іх – «Антымайдан», «Халодная вайна 2.0», «Расія – вялікая краіна», «Гэтую краіну не перамагчы», «НКВД 2.0» і многія іншыя], ён досыць сур’ёзна падзяляе ідэі “рускага свету”. Вы лічыце супадзеннем, што такі чалавек з’яўляецца сябрам такой каманды?

– Наконт “рускага свету” я наогул нічога сказаць не магу.

– Але ж вы бачылі гэтыя паблікі?

– Я не звяртаў увагі, не глядзеў і нават не ведаю. Кожны чалавек можа выказваць сваё асабістае меркаванне.

– Фактычна вы не можаце сказаць, чым займаюцца гэтыя хлопцы, якія ў іх інтарэсы і не можаце іх кантраляваць?

– Што значыць, я не магу іх кантраляваць? Мы кожны тыдзень збіраемся разам, выязджаем на гульні, любыя мерапрыемствы праходзяць праз мяне. Без мяне ніхто нічога не робіць.

У нас ёсць пэўнага роду субардынацыя, таму што пытанне сур’ёзнае. Здараліся непрыемныя інцыдэнты з органамі [ўнутраных спраў], таму што звярталіся грамадзяне з-за таго, што бачылі нас са “зброяй”. Аднак мы ўсё ўладжвалі без праблем. Адзінае, пытанні ўзнікалі з журналістамі, калі нас выстаўлялі не ў лепшым святле і калі пры гутарцы яны не мянялі сваё меркаванне.

– У вас ёсць яшчэ штосьці сказаць, што б вы хацелі бачыць у матэрыяле?

– Думаю, што не.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *