Што адбываецца зараз у Бабруйску?

У адным міліцэйска-судовым катле варацца актывісты і палітыкі.

13 сакавіка. Магілёў-Бабруйск. Ігар Лазоўскі


УСЁ СУР’ЁЗНА?

Так. Беларусь не бачыла такіх маштабных акцый пратэсту з 2011 года. У Бабруйску «Марш недармаедаў» прайшоў 12 сакавіка і прайшоў гучна: затрыманні і рэпрэсіўныя дзеянні міліцыі пачаліся за пару дзён да самой акцыі і не скончаны да гэтага часу.

КОЛЬКІ ЗАТРЫМАЛІ?

ПЦ “Вясна” паведамляе пра 8 бабруйчан, якія сутыкнуліся з адміністрацыйным пераследам. Чацвярых – кінарэжысёра Максіма Буйніцкага, студэнта Аляксея Раманава, актывіста Максіма Лубінскага і Вольгу Аўдзейчык затрымалі ў ноч з 10 на 11 сакавіка. Ёсць інфармацыя, што яны былі звязаны з расклейваннем улётак з заклікам прыйсці на акцыю 12 сакавіка.

Галіна Смірнова, кіраўнік мясцовых аддзяленняў АГП і РЭП, адзін з лідэраў пратэсту, таксама не пазбегла шчасця наведаць людзей у форме. Раніцай 12 сакавіка яе затрымалі каля пад’езда дома і адвезлі ў пастарунак на ўскраіне Бабруйска, дзе пратрымалі 8 гадзін, складаючы пратакол. Справіцца з такой складанай задачай у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не атрымалася і яны працягнулі 13 сакавіка.

13 сакавіка былі затрыманыя апазіцыянеры Інга Судзілоўская і Юры Грынявіцкі. Абодва ўдзельнічалі ў мітынгу супраць Дэкрэта №3. Прычым Грынявіцкага міліцыя «тузала» двойчы: спачатку раніцай, калі ён ішоў на працу ў лесатэхнічны каледжа, а потым яшчэ і ў абед.

Нарэшце, міліцыя не пакінула па-за ўвагай былога палітвязня Яўгена Глаголева-Васьковіча. Да ягонай хаты прыйшлі супрацоўнікі АМАП. Палітыка й акывіста затрымалі, склалі пратакол і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда.

Магчыма, што гэта яшчэ не канец.

У ЧЫМ УСІХ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ?

Максіму Буйніцкаму, Аляксею Раманаву, Максіму Лубінскаму і Вользе Аўдзейчык паставілі ў віну дробнае хуліганства (арт.17.1 КаАП). Пры гэтым на Буйніцкага склалі таксама пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (арт.23.34 КаАП). Па гэтым жа артыкуле праходзяць Інга Судзілоўская, Юрый Грынявіцкі і Яўген Глаголеў-Васьковіч. На Галіну Смірнову пратакол яшчэ толькі складаюць (па стане на 19:20 13 сакавіка). Па тэлефоне яна паведаміла, што ў пратаколе будзе пзначана ўсё той жа 23.34 КаАП.

І ЯК ТАМ, УЖО ПАСАДЗІЛІ КОГО?

Так. Максім Лубінскі атрымаў 5 сутак. Штраф атрымала Вольга Аўдзейчык – суддзя дала ёй дзьве базавыя. Астатнія пакуль знаходзяцца ў падвешаным стане. Максім Буйніцкі хадайнічаў аб прадастаўленні абаронцы, разгляд яго справы адклалі да 16 сакавіка. 14 сакавіка прадоўжыцца суд над Аляксеем Раманавым.

Галіна Смірнова, Інга Судзілоўская і Юры Грынявіцкі знаходзяцца ў міліцыі. Яўген Глаголеў-Васьковіч чакае суда ў ІЧУ.

ОЙ, ШТО ГЭТА БУДЗЕ?

Досвед судоў у Оршы, Маладзечна і Рагачове кажа пра тое, што суткі атрымаюць калі не ўсе, то шмат хто. Пытанне ў іншым – колькі. А нават калі не будзе сутак, амаль стоадсоткава будзе вялізны штраф.

ТАК А САМА АКЦЫЯ ХОТЬ НАРМАЛЁВА ПРАЙШЛА?

Так. Назіральнікі налічылі на ёй каля 700 чалавек, якія патрабавалі поўнай адмены Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Калі да людзей выйшлі прадстаўнікі ўлады і прапанавалі перамовы, натоўп дружна пачала скандаваць «Ганьба». Акцыя выглядала абсалютова мірнай і ніякай пагрозы не несла.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў